У Рэчыцкім ІЧУ арыштаваны парэзаў сабе вены

Арыштаваны на 18 сутак удзельнік пратэсных акцый рэчычанін Аляксандр Алмаеў пасля здзекаў адміністрацыі пайшоў на крайні крок — ён ускрыў вены на руцэ, піша gomelspring.org.

Аляксандр Алмаеў, фота Леаніда Судаленкі

Аляксандр Алмаеў, фота Леаніда Судаленкі


Першапачаткова мужчыну адмовілі ў абавязковым штотыднёвым душы, а на патрабаванне памыцца яго кінулі ў карцэр. Аляксандр сцвярджае, што вентыляцыю ў карцэры закрылі спецыяльна і яму давялося дыхаць смуродам з каналізацыі. У выніку яму стала дрэнна, лекар хуткай дапамогі, які прыехаў, зафіксаваў высокі артэрыяльны ціск.
У адзін з дзён сукамерніка Аляксандра перавялі ў іншую камеру а да яго пасялілі бяздомнага, у якога па вопратцы бегалі вошы блашчыцы. Ад гэтага той не мог заснуць нават ноччу, пастаянна варочаўся і чухаўся, а калі зняў вопратку, цела было пакусана вошамі і блыхамі. Баючыся за стан свайго здароўя, Аляксандр падаў на імя начальніка ІЧУ заяву аб пераводзе яго ў іншую камеру, якая засталася без разгляду. Тады мужчына адважыўся на крайні крок — парэзаў пабітым пра ложак кавалкам лінзы для зроку вены левай рукі.
— Я страціў каля 1,5 літра крыві, ачуўся ў раённай бальніцы, дзе мне наклалі швы, — распавёў на прыёме ў праваабаронцы Леаніда Судаленкі рэчычанін.
З клінікі мужчыну адвезлі назад у ІЧУ і змясцілі ў тую ж у камеру да бяздомнага, дзе ён знаходзіўся яшчэ 5 сутак да заканчэння тэрміну свайго арышту. У гэты час ён падаў на імя начальніка ІЧУ заяву: "Таварыш маёр, чалавек з'яўляецца адзінай жывёлай, якая чырванее пры пэўных абставінах. Вы баязлівец, падлюга і нягоднік!"
Таварыш маёр, якім аказаўся Аляксандр Лабанаў падаў заяву аб абразе, за што суд Рэчыцкага раёна ўжо паспяшаўся выпісаць яго цёзцы штраф у 30 базавых велічынь.
6 кастрычніка з дапамогай праваабаронцы на ўмовы ўтрымання ў Рэчыцкім ІЧУ пададзеныя скаргі ў абласное УУС і пракуратуру вобласці.