Да Эдуарда Пальчыса не пускаюць адваката, дасюль не вядома, ці ён на Акрэсціна

Вось ужо 10 дзён блогер Эдуард Пальчыс, па словах уладаў, знаходзіцца ў ЦІП Акрэсціна. Аднак пацверджанняў гэтаму няма, напісала ў фэйсбуку яго жонка Вікторыя.

Эдуард Пальчыс. Фота з фэйсбука Вікторыі Пальчыс

Эдуард Пальчыс. Фота з фэйсбука Вікторыі Пальчыс

За ўвесь гэты час яго адвакату Марыі Колесавай-Гудзілінай ні разу не ўдалося пабачыцца і пагутарыць з ім.
«З тых часоў, як мы даведаліся, што Эдуард утрымліваецца на Акрэсціна, адвакатам было прадпрынята 4 спробы трапіць да свайго падабароннага: першага, другога, пятага і шостага кастрычніка. Марыю Колесаву-Гудзіліну не пускаюць, спасылаючыся на каронавірус і на тое, што «ўсе кабінеты занятыя». Лісты ад Эдуарда таксама не даходзяць.
Такім чынам, мы да гэтага часу не маем пацвярджэння, што ён сапраўды знаходзіцца на Акрэсціна, і не ведаем, у якім ён там стане», — напісала Вікторыя Пальчыс.
29 верасня блогер Эдуард Пальчыс перастаў выходзіць на сувязь. Апошнім часам ён падазраваў, што за ім сочаць, і збіраўся перабрацца ў бяспечнае месца.
15 чэрвеня блогер атрымаў 15 сутак за нібыта ўдзел у акцыі Ціханоўскага на Камароўскім рынку.