Тэатр як шлях да інклюзіі дзяцей з аўтызмам
У Мінску праходзіць міжнародны форум «Тэатр і аўтызм». Беларускія і замежныя эксперты абгрунтоўваюць у гэтыя дні стварэнне інклюзіўнага асяродку, бо інклюзія — самы дзейсны спосаб дапамогі беларускім дзецям з асаблівасцямі.
Адной з інклюзіўных пляцовак у Беларусі з’яўляецца Сямейны інклюзіў-тэатр «і». Яго мастацкая кіраўніца Ірына Пушкарова кажа, што за паўтары гады тэатр паставіў тры спектаклі: «Спачатку да нас прыходзілі дзеці, якія з цяжкасцю маглі размаўляць. На сёння ў нас 16 дзяцей з асаблівасцямі, якія выходзяць на сцэну разам са звычайнымі дзецьмі. І для нас гонар казаць, што нашыя асбалівыя дзеці могуць граць у міжнародных трупах».
Удзельнікі прэс-канферэнцыі ў чарговы раз нагадалі, што аўтызм — гэта не хвароба:
Сёння Беларусь толькі намацвае накірунак працы з такімі дзецьмі. Таму большасць пляцовак, якія займаюцца дзецьмі з аўтызмам, — валанцёрскія праекты. «Можна, канечне, ісці эмпірычным шляхам, — разважае Вера Хітрук, дырэктарка Інстытута інклюзіўнай адукацыі. — Можна падаць і разбіваць нос. Але мы працуем не дзеля сябе. Мы не можам дазволіць, каб сем’і падалі і разбівалі сабе насы. Таму вельмі здорава, што за гэтую працу ўзяліся валанцёры. Бо вучыцца на пальцах у нашай сітуацыі — гэта не варыянт».
Падзяліцца досведам у Мінск прыехаў і Ханс Салемінк, рэжысёр тэатра KAZOU ў Нідэрландах. Ён выказаў захапленне беларускім інклюзіўным тэатрам: «У некаторых краінах на сцэну выходзяць дарослыя людзі з аўтызмам. Калі я быў на спектаклі ў Мінску, то пабачыў дзетак з аўтызмам, якія стаяць на адной сцэне са звычайнымі дзецьмі! Пры тым, я не змог адразу зразумець, хто з іх ёсць хто. Гэта і ёсць выдатны прыклад інклюзіі».
Ханс распавёў, што ў адрозненні ад беларусаў, у тэатра KAZOU групы маленькія — да дзесяці чалавек. Калі жадаючыя прыходзяць да іх у тэатр, Ханс найперш пытае: «Што вы можаце?» Але ён ніколі не пытае «што вы не можаце?». Цікавы накірунак тэатру — гэта спяваць для паджылых людзей песні іх маладосці. І спяваюць для іх дарослыя людзі з аўтызмам.
У Нідэрландах тэатрам апякуецца медычны цэнтр, які дапамагае дзецям з аўтызмам, дзяржава і страхавыя кампаніі. У Беларусі інклюзіўны праект падтрымлівае кампанія velcom і банк «Рашэнне».