11 красавіка я сядзеў кавярні і разважаў, ці ехаць на сустрэчу на метро ў гадзіну пік? Вырашыў ехаць, бо мог наземным транспартам трапіць у корак. Але афіцыянтка марудзіла з рахункам. Я звычайна на такія паводзіны рэагую, калі строга, калі з'едліва, калі з іроніяй. Гэтым разам падумаў — хай сабе, усіх не перавыхаваеш.
Калі заставаўся крок да эскалатару — бабахнула. Не моцна, хутчэй быў гучны хлапок. І едкага колеру (мне падалося — колеру хакі) густы пыл, які імгненна запоўніў сабою трубу-праход між турнікетамі наверсе і платформай унізе.
Усё доўжыла секунды, але расцягнутыя як у запаволеным кіно. Людзі разам прыселі, і досыць арганізавана, хутка, на паўсагнутых нагах, але без крыкў і штурханіны, падаліся назад.
Ужо ў падземным пераходзе журналісцкі рэфлекс спрацаваў, я дастаў смартфон і пачаў здымаць. Большасць не спынялася, і спяшалася да гары да выхаду на праспект Незалежнасці. Мне падавалася, што хуліганы кінулі дымавую шашку. І таму пагроза — у дыме.
Калі пасажыры вынеслі першую пацярпелу — жанчыну з параненай нагой, сталася зразумелым, што ўсё сур'ёзна.
...
Пад трохкроп'ем я маю на ўвазе, што не надта хочацца апісваць кроў, крыкі і жах, які панаваў навокал — адразу і пасля.
Хваля накрыла свядомасць толькі на трэці дзень — усведамленне, ад чаго быў у адлегласці ўсяго дваццаці секундаў язды на эскалатары. Перад тым, жыў як у сне, даваў інтэрвію, сачыў за навінамі, пераказваў знаёмым. Глядзеў па ТБ ўсіх магчымых краінаў свае ўласныя кадры, знятыя на смартфон і выстаўленыя ў YouTube.
Адразу па выхадзе на свежае паветра побач з універсамам “Цэнтральны” я зафіксаваў для сабе дзяўчыну, абсыпаную пылам. Яна крычала ў мабільны тэлефон: “Мама, мама, ну што ён ад нас яшчэ хоча?!.”
Наступны месяц з кім бы я не гаварыў: з выпадковымі сустрэтымі ў грамадскіх месцах, шапачнымі знаёмымі, сябрамі, сваякамі, ці што б я не чытаў у сацсетках, я практычна не сустракаў упэўненасці ў версіі пра двух псіхапатаў, якія зрабілі тэракт.
У прынцыпе, людзі падзяліліся на тых, хто верыць уладзе і афіцыйным СМІ, і тых, хто за гады кіравання Лукашэнкі бачыў ці пасыптаў на сабе шматлікія факты хлусні. Але нават тыя, хто верыў уладам, сумняваліся.
Людзі нясуць кветкі і
свечкі да станцыі метро «Кастрычніцкая», 20 красавіка
Многія нават былі гатовыя прыняць, што менавіта звінавачаныя хлопцы Уладзіслаў Кавалёў і Дзмітры Канавалаў тэхнічна зрабілі тэракт, але працягвалі задавацца пытаннем — хто за ім стаць?
Мінск поўніўся версіямі пра тры варыянты:
1. Расейскія спецслужбы дэстабілізавалі сітуацыю, каб аслабіць Беларусь і зрабіць яе яшчэ больш падкантрольнай.
2. Беларускія спецслужбы спаборнічаюць за ўплыў ці, наадварот, спрабуюць дыскрыдытаваць ўладу.
3. Улада хоча аб'яднаць людзей перад абліччам супольнай бяды.
Звінавачаныя ў тэракце былі прызнаныя псіхічна здаровымі, а афіцыйная версія матыву — дэстабілізацыя сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь.
Пра задачы дэстабілізацыі — нічога.
Мой ізраільска-беларускі прыяцель мяне раз'юшыў сваёй абыякавасцю і верай у псіхаў, якія ў Беларусі падрываюць метро, ды яшчэ так, што іх адразу хапаюць.
Я параіў прыяцелю кнігу журналіста “Радыё Свабода” Алега Груздзіловіча “Хто ўзарваў Менскае метро?”, выдадзеную ў 2013 годзе. Відаць, мноства пытанняў без адказаў і відавочныя фактычныя нестыкоўкі падчас следства, прыведзеныя ў кнізе, прымусілі майго апанента змяніць пазіцыю, і прызнаць, што тэракт 11 красавіка — зусім не руціна.
Сорак сем раздзелаў кнігі пястраць загалоўкамі, якія ўтрымліваюць пытанні:
— Дзе ключавое відэа?
— Чаму тэрарыст адзін (другі праходзіў як памагаты), а бомбы дзве?
— Адкуль “лішнія” рэчавыя доказы?
— Ці білі арыштаваных?
— Ці быў куратар?
ды іншыя.
Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава расстралялі менш, чым праз год.
Гэта
таксама адзін з фактаў, які выклікаў сумнеў у вялікай колькасці людзей. Хутка
выкрылі, хутка сабралі доказную базу — і хутка прыбралі самых галоўных сведкаў.
Следства скончылі да жніўня
І цяпер застаюцца людзі, якія ўпарта працягваюць задаваць пытанне: хто стаіць за зніклымі палітыкамі канца 1990-х — пачатку 2000-х? Фактар недаверу: тады нікога не знайшлі, цяпер — на наступны дзень!
У гісторыі незалежнай Беларусі перад тым была трагедыя, якая змусіла менчукоў гаварыць паўшэптам не адзін дзень, і пазбягаць глядзець адзін адному ў вочы.
Гэта
трагедыя на Нямізе 30 траўня
11 красавіка 2011 году адкрыла новую старонку ў гісторыі Беларусі. Трагедыю арганізавалі і зрабілі людзі. Я шмат чуў і чытаў спачуванняў людзей з розных краінаў, у тым ліку з тых, дзе тэракты даўно не навіна: з еўрапейскіх, з Расеі і Ізраілю.
Казалі, маўляў, мы ведаем што гэта такое — боль, жаль і страх у звязку з тэрактамі. Толькі ёсць нюанс, які адрознівае Беларусь. У Мінску выбухоўку заклалі не ідэйныя фанатыкі.
А вось проста два 25- гадовыя хлопцы з Віцебску вырашылі дэстабілізаваць абстаноўку. І ўсё.
І ў большасці выпадкаў у тэрарэстычна небяспечных краінах грамадзяне давяраюць уладам, прынамсі, што да ацэнак падзеяў.
У Беларусь, відаць, ключавое слова — недавер.
У
наступным месяцы
Асабста для сябе я адзначыў, што беларусы чамусьці не надта здзівіліся драматычным падзеям.
У кожным выпадку, калі заходзіць пра падзеі 11 красавіка 2011 году, я чамусьці найперш узгадваю абсыпаную попелам дзяўчыну, якая крычыць у слухаўку: “Мама, мама, ну што ён ад нас яшчэ хоча?!.”