Тэрмін утрымання пад вартай журналіста і медыяменеджара Андрэя Аляксандрава працягнуты на адзін месяц

Тэрмін утрымання пад вартай журналіста і медыяменеджара Андрэя Аляксандрава працягнуты на адзін месяц, піша «Свабода».

aliaksandrau1_1.jpg

Андрэя Аляксандрава і яго сяброўку Ірыну Злобіну затрымалі 12 студзеня. 14 студзеня ў рамках расследавання справы Аляксандрава прайшоў ператрус у офісе інфармацыйнай кампаніі «БелаПАН», дзе ў 2014-2018 гадах ён працаваў намеснікам дырэктара.
Спачатку Аляксандрава абвінавацілі па ч. 1 і 2 арт. 342 КК РБ («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Максімальны тэрмін утрымання пад вартай па гэтым артыкуле — 6 месяцаў, ён скончыўся сёння, 12 ліпеня.
30 чэрвеня Аляксандраву прад’явілі новае абвінавачанне — па ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса («Здрада дзяржаве»). Яму пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Паводле намесніка міністра ўнутраных спраў Генадзя Казакевіча, Аляксандраў і яго сяброўка Ірына Злобіна «затрыманыя па падазрэнні ў фінансаванні акцый пратэсту». Яны супрацоўнічалі з краўдфандынгавай платформай BY_help, якая дапамагала ўдзельнікам пратэстаў выплачваць штрафы. З 22 жніўня да 9 лістапада 2020 году Аляксандраў і Злобіна аплацілі больш за 250 штрафаў.
12 красавіка стала вядома, што ўпраўленне СК па Мінску завяло крымінальныя справы ў дачыненні да заснавальнікаў ініцыятывы BY_help Аляксея Лявончыка і Андрэя Стрыжака, якія, паводле версіі следства, перадавалі грошы Аляксандраву і Злобінай «для наступнага іх выкарыстання ў злачыннай дзейнасці».
Праваабаронцы сцвярджаюць, што аплата штрафаў не з'яўляецца фінансаваннем групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і прызналі Андрэя Аляксандрава і Ірыну Злобіну палітвязнямі.
У мінскім СІЗА №1 Аляксандраў і Злобіна пастаўленыя на ўлік як «асобы, схільныя да экстрэмізму».