Грамадзяніна Расіі Ягора Дуднікава ў СІЗА-1 змясцілі ў «самую праблемную камеру»

Ягору Дудунікаву працягнулі знаходжанне пад вартай да 6 жніўня. Паводле маці Ягора Юліі, следчы адмовіў у пераводзе яе сына пад хатні арышт. Спаткацца з сынам маці таксама не дазволілі.

3bb113ca_1e34_40bf_a7b5_2bf89dde7896_cx0_cy18_cw0_w1023_r1_s.jpg


Затрыманы ў Мінску 20-гадовы грамадзянін Расіі Ягор Дуднікаў, які цяпер утрымліваецца ў мінскім СІЗА №1 на Валадарскага, напісаў маці ліст, перадае «Радыё Свабода».

У ім Ягор піша, што цяпер у камеры знаходзіцца 13 чалавек. «Камера без прагулак (больш за палову не хочуць хадзіць), — піша Ягор. — Пішуць пастаянна рапарты на сукамернікаў. Чарга на карцар. Камера самая праблемная на “прадоле”. “Стакан” параўнальна з камерай — рай, я там кайфануў у цішыні».

Паводле Ягора, ён баіцца піць з кубкаў, бо ў камеры ёсць хворы на СНІД і гепатыт.

Раней маці паведаміла пра пагаршэнне стану здароўя сына: у Ягора быў «нязводны галаўны боль, разбіты зуб, які ўвесь час баліць, і панічныя атакі».

У апошнім лісце Ягор паведаміў, што яму палячылі зуб, паставілі часовую пломбу.

«Псіхолаг ходзіць. Слухаюць, нешта гавораць і сыходзяць. Кажуць, каб я лічыў авечак», — піша Ягор.

Ягор просіць перадаць снатворнае і іншыя рэчы.

Паводле Ягора, у камеры няма тэлевізара. Піша, што ў ранейшай камеры прыгатаваў торт «Валадарскія руіны».

Грамадзяніна Расіі Ягора Дуднікава 5 траўня змясцілі ў СІЗА КДБ, а неўзабаве завялі супраць яго крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за агучванне відэаролікаў і аўдыёпаведамленняў у тэлеграм-канале «ОГСБ». Ягор праз ліст з СІЗА расказаў пра катаванні і збіццё, якія ўжываліся да яго пасля затрымання. 31 траўня хлопца перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Адвакат падаваў скаргу на меру стрымання, выбраную Дуднікаву, але яна не была задаволеная.

2 ліпеня Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі выкрылі «спячыя» тэрарыстычныя групоўкі, «так званыя атрады самаабароны». Каардынатарамі ён назваў Літву, Польшчу, ЗША, Украіну і Германію. Згадаў тэлеграм-рэсурс «Отряды самообороны Беларуси» і назваў «асноўным мадэратарам» грамадзяніна Расіі Дуднікава.