«Выдалілі да канца, да судовых спрэчак». Што пішуць з СІЗА Ціханоўскі, Сакаў, Статкевіч

Маці Сяргея Ціханоўскага і Арцёма Сакава, а таксама жонка Мікалая Статкевіча расказваюць, якія лісты атрымліваюць ад блізкіх з СІЗА.

f99e458d_878f_45ac_8502_073762d6684f_w1023_r1_s.webp

У будынку гомельскага СІЗА з 24 чэрвеня ў закрытым рэжыме судзяць Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Цыгановіча, Арцёма Сакава і Дзмітрыя Папова.

Іх абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, распальванні сацыяльнай варожасці ў Беларусі падчас падрыхтоўкі і правядзення прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе.

Гомельскі абласны суд пастанавіў зрабіць працэс закрытым, нагадвае «Свабода».

«У кожным лісце піша: «Беражы сябе», — маці Сяргея Ціханоўскага

Соф’я Ціханоўская, маці вядомага блогера і палітзняволенага Сяргея Ціханоўскага, пакуль не мела з ім спаткання ў СІЗА-3. Яна мяркуе, што спатканне здолее атрымаць пасля прысуду. «Пра суд я не ведаю нічога. Лісты атрымліваю. Піша ў кожным лісце: "Беражы сябе", — просіць моцна не перажываць. За што яго судзяць — нічога не ведаю», — кажа маці.

Маці Арцёма Сакава таксама не мае звестак пра суд у сына. Яна пераймаецца, што ў СІЗА зноў не прынялі вэнтылятар для Арцёма. Там у камерах цяпер вельмі горача.

«Адвакат наконт справы нічым не дзеліцца. Толькі настрой Арцёма, яго стан, і ўсё. Настрой зменлівы, перажывае, але стрымлівае сябе. Перадалі яму шашкі і шахматы, будзе чым заняцца. Былі два лісты. Піша, што "месца пражывання" цяпер — як курорт, у сэнсе спёкі», — расказала Ларыса Сакава.

«Мікола мяркуе, што ўлады зноў наступілі на балючую тэму для Еўропы», — жонка Статкевіча

Жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч напрыканцы мінулага тыдня атрымала ад мужа адразу два лісты. Гэта першыя паведамленні ад яго з пачатку судовага працэсу 24 чэрвеня. Турэмная цэнзура прапусціла нават узгадкі пра ход працэсу.

«Як мінімум тры лісты яны, скажам так, "заныкалі". Мне нічога не даходзіла. Але ў мінулую суботу атрымала два лісты адразу, — кажа Марына Адамовіч. — У іх Мікалай піша, што не прысутнічае больш у залі суда, як я і думала. Мікалай надзіва паслядоўны. Ён яшчэ падчас знаёмства з матэрыяламі справы прыйшоў да высновы, што справа сфальсіфікаваная цалкам. На яго думку, гэта злачынства, і ўдзельнічаць у ім ён не збіраецца. Адмовіўся знаёміцца з матэрыяламі. Перад пачаткам суду накіраваў у суд заяву, што адмаўляецца ўдзельнічаць у ім. Але Міколу ўпарта дастаўлялі туды, і вось, як ён зараз напісаў, тры пасяджэнні запар яго выдалялі з залі суда. А на чацвёрты дзень працэсу выдалілі да канца, да судовых спрэчак».

Марына Адамовіч кажа, што не ведае, якім менавіта чынам Мікола Статкевіч дамагаўся выдалення сябе з судовай залы. Інфармацыі пра тое, што адбываецца на працэсе, у яе па-ранейшаму няма.

«Мікола адчувае сябе добра, ён заўсёды вельмі пазітыўны, — працягвае Марына Адамовіч. — У адным з лістоў адрэфлексаваў тое, што зараз адбываецца на межах Беларусі з Еўрасаюзам. Піша, што нашы ўлады падрыхтавалі сабе чарговы "самалёт", маючы на ўвазе пасадку борта "Ryanair". Мікола мяркуе, што ўлады зараз зноў наступілі на вельмі балючую тэму для Еўропы. Гэта можа выклікаць далейшы вал рэакцыі. Мяркую, Мікола не памыляецца. Мы самі бачым, што пачалося абмеркаванне чарговага пакета санкцый».

Самаадчуванне ў Статкевіча, паводле слоў Марыны Адамовіч, зараз таксама добрае. Падчас першай дастаўкі ў суд яму вывернулі руку, але цяпер яна ўжо не баліць. Мікола нават аднавіў заняткі спортам у камеры.