Трэнд кругавога руху

Цягам апошніх месяцаў працэсы палітычнай лібералізацыі ў Беларусі прытармазіліся, аднак у сферы палітычнай дэмакратызацыі адбыліся змены да лепшага — гаворыцца ў першай справаздачы з серыі сістэматычных штоквартальных маніторынгаў Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў. Супаставім высновы аналітыкаў з рэчаіснасцю.



333222170ab9edca4785c39f55221fe7.jpg

Цягам апошніх месяцаў працэсы палітычнай лібералізацыі ў Беларусі прытармазіліся, аднак у сферы палітычнай дэмакратызацыі адбыліся змены да лепшага — гаворыцца ў першай справаздачы з серыі сістэматычных штоквартальных маніторынгаў Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў. Супаставім высновы аналітыкаў з рэчаіснасцю.
«Праявы патэнцыйнай лібералізацыі альбо яе дэклараваныя намеры ў такіх сферах, як свабода слова (спрошчаны парадак рэгістрацыі газет па новым законе і заяўленая адмова ад абмежавання свабоды ў інтэрнэце) і свабода асацыяцый (разгляд магчымасці адмены крымінальнага артыкула 193-1, спрашчэнне рэгістрацыі НДА), не знайшлі свайго развіцця, а ў шэрагу выпадкаў адбыўся адкат назад або быў агучаны намер узмацніць жорсткасць палітыкі», — канстатуюць эксперты.
Лібералізацыя — гэта працэс, які прадугледжвае накіраванае дзеянне, то бок вектар руху. У выпадку ж Беларусі гэты рух нагадвае вальс — танец па колу. Напрыклад, сітуацыя са СМІ. Пасля вяртання ў сістэму дзяржаўнага распаўсюду некалькіх Non-Governmental выданняў і спрашчэння парадку рэгістрацыі новых СМІ лагічным выглядала чаканне далейшага прагрэсу і развіцця сітуацыі. Аднак праз колькі месяцаў старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна з сумам гаворыць: «Ідзе адкат назад».
Прабіцца хоць нейкім бокам ў сістэму распаўсюду, увайсці ў легальнае поле здолелі дзве грамадска-палітычныя рэгіянальныя газеты. Шэсць газет, сярод якіх і «Новы час», дагэтуль немагчыма набыць ні праз «Белпошту», ні праз «Саюздрук». Затое стабільна прыходзяць адмовы ў рэгістрацыі, а напрыканцы года пасыпаліся яшчэ і папярэджанні СМІ з Мінінфармацыі. Папярэджанне атрымала і «свяшчэнная карова» медыйнай карпарацыі — Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Паколькі «трэнд» — гэта тэндэнцыя, пастолькі лагічным наступным крокам выглядае заява першай намесніцы кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Пяткевіч, што «інтэрнэт павінен падлягаць рэгуляванню». І толькі шум вакол гэтага намеру стрымлівае ідэю кіраўніка дзяржавы «спыніць анархію» ў сеціве, хаця грамадскасці ўжо патрапіў на вочы праект прэзідэнцкага ўказа «Аб мерах па ўдасканаленні нацыянальнага сегмента глабальнай кампутарнай сеткі інтэрнэт». Трэнд рэгрэсіі прасочваецца выразна.
Другі аспект, які дэмакратычная супольнасць лічыць адным з індыкатараў лібералізацыі, — свабода асацыяцый. У гэтай сферы з тэндэнцыямі таксама ўсё зразумела — буйных і хоць колькі ўплывовых суб’ектаў ніхто рэгістраваць не збіраецца, аргкамітэт партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Асамблея няўрадавых дэмакратычных аб’яднанняў, праваабарончы цэнтр «Вясна» ды іншыя могуць складаць сабе план аббівання парогаў Мінюсту і судоў, але станоўчага выніку трэнд не абяцае.
У якасці стрымліваючага бар’еру застаецца ў сіле (і застанецца надалей) артыкул Крымінальнага кодэкса 193-1, і ніякія дзяды марозы з зайцамі з усёй сваёй крэатыўнасцю і адвагай не змогуць пераламіць лінію дзяржаўнай палітыкі знутры. Так склалася, што да якіх-кольвек пазітыўных пераменаў у «чырвоным доме» прыходзяць толькі пад ціскам знешніх фактараў. Унутраныя інтарэсы фактычна не разглядаюцца.
«Тым не менш, у галіне палітычнай дэмакратызацыі адбыліся змены да лепшага. Асноўнай падзеяй стала прыняцце парламентам паправак у Выбарчы кодэкс», — гаворыцца ў справаздачы Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў. Пад палітычнай дэмакратызацыяй аўтары дакумента разумеюць працэс de jure і de facto паляпшэнні ў сферы справаздачнасці ўлады (як гарызантальнай, так і вертыкальнай).
З de jure можна пагадзіцца, хаця з вялікай агаворкай, бо доступу да кантролю за падлікам галасоў — да важнейшага элементу празрыстасці выбарчага працэсу — па-ранейшаму няма. А вось de facto ўжо цяпер (мясцовыя выбары толькі ў красавіку) з’яўляюцца прэцэдэнты абкатанай не за адзін год практыкі правядзення электаральных кампаній: ціск на сем’і рэгіянальных актывістаў, скандал з настаўнікамі, якім прымусова загадалі пакінуць шэрагі іх палітычных партый, тэрміновы прызыў у войска (зімовы прызыў, да слова, ужо завяршыўся) мастоўскага актывіста, якога вылучылі ў склад Гродзенскай абласной выбарчай камісіі.
Перамены ў сферы культуры, у супрацьвагу грамадска-палітычнай, эксперты ацэньваюць як найбольш пазітыўныя. «Асноўнай тэндэнцыяй апошняга квартала 2009 года стала паглыбленне «карэкціровачнай» беларусізацыі і еўрапеізацыі культурнай палітыкі ўладаў». У якасці прыкладаў прыводзяцца факты «рэабілітацыя беларускай мовы ў сродках масавай інфармацыі», «фактычнае заахвочванне грамадзян падчас перапісу сцвярджаць сваю беларускую ідэнтычнасць», «падтрымка беларускімі ўладамі грамадскай кампаніі па прапагандзе транслітэрнай назвы дзяржавы «Беларусь» у замежных мовах».
«Гэтыя крокі спрыялі таму, што грамадзянская супольнасць атрымала вялікую свабоду ў вытворчасці культурных прадуктаў, якія спрыяюць «беларусізацыі» і «еўрапеізацыі» грамадскай свядомасці — дастаткова ўспомніць аб кампаніі «Будзьма», якая сутыкалася толькі з абмежаваным супрацівам з боку дзяржаўных органаў», — адзначаюць аналітыкі.
Сфера культуры — сапраўды адзіная прастора, у якой за пятнаццаць год так ці інакш атрымліваецца рэалізоўваць недзяржаўныя праекты без татальнага кантролю, хаця і не без перашкодаў з боку ўлады. Тут варта нагадаць, што летась у манапольнай сістэме тэлебачання фактычна толькі на рэгіянальных каналах былі ўведзеныя беларускамоўныя блокі навінаў, а колькасці беларускамоўных школ і класаў не пабольшала.
Пасля аналізу асноўных тэндэнцый грамадскага жыцця ў чацвёртым квартале 2009 года эксперты прыходзяць да высновы, што «беларускае кіраўніцтва вычэрпвае рэзервуар палітычна бяспечных новаўвядзенняў і набліжаецца да неабходнасці выбару паміж істотнай мадэрнізацыяй сацыяльна-эканамічнай, палітычнай і культурнай мадэлі або адкатам да рэпрэсіўнай палітыкі характэрнай для сярэдзіны першага дзесяцігоддзя XXI стагоддзя».
Калі прыняць да ўвагі зваротнасць усіх ліберальных навінак і стойкі флёр прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, то, у найлепшым выпадку, можна чакаць хіба што «танцаў па колу».