Турэмны маніторынг

Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова “Платформа прадставіла ў Мінску “маніторынгавую справаздачу аб праблемах у галіне ўмоваў утрымання зняволеных у пенітэнцыярных установах Рэспублікі Беларусь. Арганізатары прэзентацыі запрашалі на яе не толькі журналістаў, але і прадстаўнікоў Міністэрства ўнутраных спраў, Дэпартамента выканання пакаранняў, а таксама Генеральнай пракуратуры. Але ніводная асоба з дзяржаўных установаў на прэзентацыя не з’явілася. (Андрэй Бандарэнка, Мікіта Ліхавід і Павел Сапелка)



0dfd8a39e2a5dd536c185e19a804a73b.jpg

Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова “Платформа прадставіла ў Мінску “маніторынгавую справаздачу аб праблемах у галіне ўмоваў утрымання зняволеных у пенітэнцыярных установах Рэспублікі Беларусь. Арганізатары прэзентацыі запрашалі на яе не толькі журналістаў, але і прадстаўнікоў Міністэрства ўнутраных спраў, Дэпартамента выканання пакаранняў, а таксама Генеральнай пракуратуры. Але ніводная асоба з дзяржаўных установаў на прэзентацыя не з’явілася.

(Андрэй Бандарэнка, Мікіта Ліхавід і Павел Сапелка)


Па словах дырэктара “Платформы Андрэя Бандарэнкі, адной з прычынаў узнікнення гэтай арганізацыі сталася тое, што праваабаронцам быў закрыты доступ да ўстановаў пенітэнцыярнай сістэмы Беларусі.
“Летась мы заявілі пра жорсткія катаванні ў Івацэвіцкай і Глыбоцкай калоніях, дзе зняволеныя заяўлялі пра жорсткія збіцці, прычым такім чынам, што адміністрацыя калоніяў была вымушана вывезці асуджаных у гарадскія шпіталі, дзе ім зрабілі аперацыі. Тым не менш, пракуратура пасля “праверкі заявіла нам, што прыведзеныя намі факты не ўстаноўленыя, — адзначыў праваабаронца. — Сёння многія з тых, хто не па сваёй волі прымаў удзел у тых падзеях, ужо выхо­дзяць на волю, мы з імі сустракаемся, і яны прыводзяць прычыны, чаму была прадстаўлена менавіта такая справаздача пракуратуры. У прыватнасці, калі казалася, што той ці іншы зняволены адмаўляўся пацвярджаць гэтыя факты, высветлілася, што вязні не тое што не адмаўляліся, але нават настойвалі на тым, каб даваць такія паказанні, але справаздачы былі такімі, што быццам ніхто нікога не збіваў. Іншыя асуджаныя казалі пра ціск на іх і пра тое, што іх вымусілі адмовіцца ад уласных словаў.
На вялікі жаль, адзначыў Андрэй Бандарэнка, любы зварот праваабаронцаў у пракуратуру ці іншыя наглядныя органы завяршаўся тым, што прыходзілі трох-чытарохрадковыя адпіскі, маўляў, праверка праведзена і нічога не пацвердзілася. “Мы зрабілі выснову, што пракуратура і іншыя наглядныя органы пераўтварыліся ў пэўную фармальнасць, яны нават не ў стане рэагаваць на тую ці іншую праблему, — падкрэсліў дырэктар “Платформы. — Таму ў Жэневе на прэс-канферэнцыі мы заявілі пра неабходнасць увядзення ў Беларусі мандата краінавага спецдакладчыка, паколькі некаторыя выпадкі здзекаў са зняволеных вельмі цяжка даказаць. Да таго ж, для дасягнення сваіх мэтаў дзяржава выкарыстоўвае Крымінальны кодэкс, Крымінальна-працэсуальны кодэкс, фальсіфікуюць тыя ці іншыя артыкулы. Пасля ўзмацнення ціску на адвакатаў асуджаныя фактычна застаюцца без усялякай абароны і без магчымасці абараніць сябе нават уласнымі высілкамі.
Вязнямі следчага ізалятара №1 у Мінску адзначаліся грубыя парушэнні санітарна-эпідэміялагічных нормаў умоваў утрымання, антысанітарныя ўмовы, кепская медычная дапамога, перавышэнне ў два-тры разы колькасці вязняў на адзін квадратны метр. У СІЗА №8 горада Жодзіна адзначалася жорсткае абыходжанне са зняволенымі, а таксама наяўнасць “прэс-хатаў, дзе вязняў прымушалі да дачы прызнальных паказанняў. Некаторыя зняволеныя паказалі, што іх збівалі супрацоўнікі турмы. Вязні адзначаюць і тое, што адміністрацыі калоніяў перашкаджаюць ім у атрыманні карэспандэнцыяў, у накіраванні скаргаў на дзеянні адміністрацыі, незаконна выкарыстоўваюць розныя спагнанні з наступным накіраваннем зняволеных у штрафныя ізалятары. Шэраг зняволеных паказалі пра жорсткае абыходжанне з імі ў ШЫЗА і памяшканнях камернага тыпу (ПКТ). Дарэчы, практычна ўсе камеры ШЫЗА не адпавядаюць санітарна-эпідэміялагічным нормам, таму там адзначаюцца ўспышкі захворванняў на сухоты.
У некаторых калоніях (у ПК–2 у Бабруйску, у ПК–20 у Мазыры ды іншых) адзначаюцца выпадкі вымагання грашовых сродкаў у зняволеных або іх родзічаў пад нагодаю прымянення амністыі ці ўмоўна-датэрміновага вызвалення.
Кіраўнік “Платформы звярнуў асаблівую ўвагу на вялікую колькасць скаргаў зняволеных на незаконнае прымяненне артыкула 411 Крымінальнага кодэкса “Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, выконваючай пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі. “Гэта нонсенс, калі чалавек, што па тых ці іншых прычынах адмаўляецца ад нейкіх сваіх грамадскіх абавязкаў падчас адбыцця пакарання, апынаецца асуджаным па крымінальным артыкуле. Напрыклад, калі ў вас два ці тры разы не зашпілены гузік, то вас могуць асудзіць і дадаць вам яшчэ тэрмін зняволення да таго, што вы ўжо маеце. Гэта па сваёй сутнасці — абсурд! — заявіў Андрэй Бандарэнка.
Нядаўні палітзняволены Мікіта Ліхавід асобна засяродзіўся на парушэнні правоў у дачыненні да палітвязняў. Усім палітзняволеным, насуперак заканадаўству, абмежавана права на перапіску, на сустрэчы з адвакатамі, на размовы і кантакты з іншымі зняволенымі. Напрыклад, кіраўнік зачыненага ўладамі Праваабарончага цэнтра “Вясна Алесь Бяляцкі пазбаўлены магчымасці кантактаў з іншымі вязнямі. Тыя з іх, хто ідзе на кантакт з апальным праваабаронцам, падпадаюць пад спагнанні за любыя кантакты з Бяляцкім. Пастаянны ціск з боку адміністрацыі папраўчай установы, па словах Мікіты Ліхавіда, аказваецца і на лідара зарэгістраванага ў Чэхіі “Маладога фронту Змітра Дашкевіча, на анархіста Яўгена Васьковіча. Сур’ёзную трывогу выклікае сітуацыя з экс-кандыдатам у прэзідэнты Беларусі, палітзняволеным Мікалаем Статкевічам, якога па надуманых прычынах перавялі ў турму строгага рэжыму №4 у Магілёве. “Варта адзначыць, што ў камеру да Мікалая Статкевіча перавялі ўдзельніка “эскадрона смерці Андрэя Васільева, — паведаміў Ліхавід.
Многія палітвязні апошнім часам паводле артыкула 117 атрымалі статус “злоснага парушальніка. Гэта тычыцца і Статкевіча, і Дашкевіча, а таксама маладафронтаўца Эдуарда Лобава, якому вынеслі некалькі вымоваў у калоніі, дзе ён адбывае чатыры гады зняволення.
Праваабаронца Павел Сапелка, які пазбавіўся прафесіі пасля ўдзелу ў якасці адваката ў гучных палітычных працэсах, нагадаў прысутным, што падобны маніторынг у 2008 годзе ладзіўся ПЦ “Вясна разам з Міжнароднай федэрацыяй правоў чалавека, віцэ-прэзідэнтам якой з’яўляецца Алесь Бяляцкі. “Мы бачым, што сітуацыя з правамі зняволеных ад таго часу практычна не змянілася. Парушэнні як былі, так і засталіся, таму мы вітаем ініцыятыву “Платформы, — заявіў Павел Сапелка.
Напрыканцы прэзентацыі яе ўдзельнікі ўшанавалі хвілінаю жалобнага маўчання памяць вядомага ў Беларусі і за яе межамі праваабаронцы, заснавальніка арганізацыі “Прававая ініцыятыва і першага прэзідэнта Беларускага дому правоў чалавека (Вільнюс) Барыса Звоскава.