У Беларусі квітнее дыскрымінацыя працоўных

Дыскрымінацыя ў сферы працоўных адносін  квітнее. Такую выснову можна зрабіць па выніках тэматычнага круглага стала, які быў арганізаваны ў Мінску Камітэтам «Салідарнасць» і прафсаюзам РЭП.

img_20180124_121013062_1843x1382_logo.jpg

Прычым асноўным рэпрэсіўным механізмам, якія выкарыстоўваюць улады для ціску на працоўных, з’яўляецца кантрактная сістэма.

Цікава, што на заканадаўчым узроўні дыскрымінацыя наўпрост забараняецца Канстытуцыяй, а дыскрымінацыя ў сферы працоўных адносін яшчэ і артыкулам 14 Працоўнага кодэкса. Менавіта таму ў Беларусі яна набыла прыхаваную форму.

Тым не менш, звальненні з працы за дзеянні, не звязаныя з працоўнымі стасункамі (а гэта і ёсць дыскрымінацыя), у нас шырока распаўсюджаныя. Звальненні шырока выкарыстоўваюцца ў якасці рэпрэсій супраць грамадскіх і палітычных актывістаў.

Усплёскі звальненняў назіраюцца пасля палітычных кампаній. Гэтаму спрыяе ўсталяваная ў Беларусі і дзеючая ўжо каля 19 гадоў прымусовая кантрактная сістэма.


img_20180124_123449089_1843x1382_logo.jpg

У працы круглага стала прымалі ўдзел Тамара Сідарэнка, Генадзь Фядыніч, Андрэй Стрыжак, Раіса Міхайлоўская, Людміла Ісакава, Уладзімір Дунаеў, Леанід Судаленка ды іншыя праваабаронцы.

Менавіта пра распаўсюджаныя ў Беларусі формы дыскрымінацыі ў сферы працоўных адносін распавядаў у сваім дакладзе асноўны выступоўца круглага стала Уладзімір Букштынаў, які прааналізаваў каля 30 выпадкаў дыскрымінацыйных звальненняў.


Паводле яго слоў, пераважная колькасць такіх звальненняў адбываецца, кажучы фармальна, па прычыне заканчэння тэрміну кантракта. Гэта самы зручны спосаб для наймальніка, паколькі ён пры гэтым нават не абавязаны тлумачыць прычыны звальнення. Пры гэтым не бярэцца пад увагу сітуацыя, у якой знаходзіцца работнік (наяўнасць крэдыту, плата за вучобу, цяжарнасць работніцы), не ўлічваецца таксама кваліфікацыя і стаж работніка, узрост, ягоныя ранейшыя заслугі. Існуючы стан рэчаў дае шырокія магчымасці наймальніку для злоўжыванняў, расправы з неўпадабаным работнікам.

Другая форма — “звальненне па згодзе бакоў” — практыкуецца тады, калі наймальнік добра ставіцца да работніка, але вымушаны пайсці на звальненне пад ціскам выканаўчай улады. Тады наймальнік прапануе такую фармулёўку, каб не звальняць работніка па кампраметуючых падставах. У адваротным выпадку наймальніку не складана па надуманых прычынах аформіць 2 вымовы, а потым звольніць з “воўчым білетам”.

img_20180124_121212615_burst000_cover_top_1843x1382_logo.jpg


Бывае таксама, наймальнік наўмысна заніжае заробак нязручнаму работніку, пераводзіць яго на горшыя ўмовы працы, прапануе новы кантракт са значна горшымі ўмовамі, што прымушае актывіста звальняцца самому. Вельмі часта, асабліва ў малых гарадах, ініцыятыва па звальненні можа зыходзіць не ад наймальніка, а ад ідэалагічнага аддзела выканкама альбо спецслужбаў.

Удзельнікі круглага стала абмяркоўвалі шляхі змагання з такой дыскрымінацыяй. Выказваліся думкі пра неабходнасць глабальных зменаў у заканадаўчай і судовай сістэме, пра пэўныя змены ў працоўным кодэксе (прапаноўвалася вярнуць забарону звальняць без згоды прафсаюза), пра неабходнасць ціску на ўладу з боку грамадства, у тым ліку праз пратэсты, аналагічныя тым, што адбываліся вясной 2017 года супраць дэкрэта №3.

img_20180124_121330311_burst001_1843x1382_logo.jpg


Таксама на круглым стале звярталася ўвага на дыскрымінацыю па палітычных матывах пры прыёме на працу, калі наймальнік “перадумвае” браць чалавека на працу, даведаўшыся пра ягоную грамадскую актыўнасць. Гэтых выпадках значна болей, але іх складана даказаць.

Па выніках круглага стала прынятая рэзалюцыя, якая змяшчае прапанову да судоў абласнога ўзроўню аб правядзенні рабочых сустрэч па абмеркаванні пытанняў правапрымяняльнай практыкі па супрацьдзеянню дыскрымінацыі, заклік да органаў выканаўчай улады спыніць практыку пераследу грамадскіх актывістаў шляхам пазбаўлення іх працы, зварот да парламентароў з мэтай не дапусціць імплементацыі ў Працоўны кодэкс Дэкрэтаў №29 і №5, а таксама падтрымлівае пазіцыю прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці пра неабходнасць прыняцця комплекснага антыдыскрымінацыйнага заканадаўчага акта.