У Беларусі шукаюць донараў плазмы для лячэння пацыентаў з каронавірусам

У Беларусі шукаюць донараў плазмы для лячэння пацыентаў з каронавірусам. Стаць такімі донарамі могуць толькі тыя, хто перанёс COVID-19 і ачуняў.

Image by mostlimb from Pixabay 

Image by mostlimb from Pixabay 

Прымаць плазму для лячэння пацыентаў з каронавірусам у Беларусі сталі прыкладна тыдзень таму. Як паведамілі TUT.BY у РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій, донарамі ўжо паспелі стаць чатыры чалавекі.
— Мы абзвоньваем перахварэлых і прапануем стаць донарамі, — адзначылі ў РНПЦ. — Хтосьці сам тэлефануе, пытаецца. Калі людзей будзе больш, мы будзем толькі рады.

Навошта гэта трэба?

На сайце РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій сказана: у плазме крыві тых, хто перанёс каронавірус, могуць утрымлівацца антыцелы (імунаглабуліны) супраць віруса SARS-CoV-2, які з'яўляецца ўзбуджальнікам COVID-19. Гэтыя антыцелы — адзін са спосабаў, з дапамогай якога імунная сістэма чалавека змагалася з вірусам. Плазма пацыентаў, якія ачунялі,  цяпер называецца рэканвалесцэнтнай. Яе і будуць пераліваць тым, хто праходзіць лячэнне. Гэта забяспечвае пасіўны імунітэт пацыента і можа дапамагчы паскорыць працэс выздараўлення.
— Пераліванне рэканвалесцэнтнай плазмы лічыцца эфектыўным даследчым лячэннем, вынікі якога апублікаваныя ў навуковых артыкулах, але шэраг даследаванняў яшчэ не завершаны, — тлумачаць спецыялісты РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій. — На думку СААЗ, ёсць доказы, што рэканвалесцэнтная плазма дапамагла пацыентам з гемарагічнай ліхаманкай Эбола, вірусам грыпу H1N1, MERS, SARS-1 і іншых. Раннія даследаванні выкарыстання рэканвалесцэнтнай плазмы для COVID-19 у Кітаі, ЗША, краінах ЕС паказваюць — гэта бяспечная і эфектыўная тэрапія, якая памяншае працягласць і цяжар COVID-19.

Хто можа стаць донарам плазмы для пацыентаў з COVID-19?

Той, хто перахварэў каронавірусам. Пры гэтым чалавек павінен быць здаровы: на працягу мінімум 15 сутак у яго павінны адсутнічаць клінічныя сімптомы і любыя лабараторныя прыкметы каронавіруснай інфекцыі. Акрамя гэтага, ёсць стандартныя патрабаванні для ўсіх донараў крыві, яе кампанентаў. Гэта, напрыклад, узрост — 18-60 гадоў, вага не менш 50 кг.
На працэдуру неабходна ўсяго 30 хвілін.

Куды звяртацца?

РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій:
дырэктар РНПЦ Карпенка Фёдар Мікалаевіч + 375 17 289-01-06;
намеснік дырэктара РНПЦ Гушчына Ларыса Міхайлаўна + 375-17-289-86-56;
урач-трансфузіёлаг (загадчык) аддзялення нарыхтоўкі крыві, яе кампанентаў у выязных умовах Свіркі Антон Алегавіч + 375 17 289-87-41;
урач-трансфузіёлаг (загадчык) аддзялення камплектавання донараў крыві, яе кампанентаў з адзіным донарскім цэнтрам Клестава Таццяна Віктараўна +375 17 289- 88-42.
Тэлефоны адзінага донарскага цэнтра:
+375 29 362−82−93, +375 17 289−84−84, +375 17 289−86−43, +375 17 289−01−08.
Галоўны ўрач УАЗ "Віцебская абласная станцыя пералівання крыві" Пліш Уладзімір Іосіфавіч:
+375 212 24-03-90, +375 212 24-03-81.
Паводле tut.by