У Брэсце затрымалі тэлевядучага «Беларусь 4» Канстанціна Свідуновіча

Пра гэта напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку брэсцкая журналістка Аксана Бровач. Імаверна, тэлевізійшчыка могуць прыцягнуць па «карагоднай справе». 

400149900907_221928.jpg

— «Карагодная справа» ў Брэсце, па-мойму, самая маштабная ў краіне крымінальная справа, якую распачалі пасля пратэстаў,піша Аксана Бровач. — Ужо дзве групы асудзілі, на падыходзе трэцяя дзясятка. Але Молаху мала!

У сераду 24 сакавіка проста на вуліцы крымінальны вышук затрымаў маю малодшую сястру Кацярыну Бровач і яе хлопца Сяргея Канановіча — яны разам хадзілі на абед. Да паловы на дзявятую вечара сядзелі ў СК — у выніку сястра падазраваная па «карагоднай справе» (ч. 1 арт. 342 КК) і пад падпіскай аб нявыездзе, Сяргей Канановіч адпраўлены ў СІЗА на два месяцы (такую меру стрымання па гэтай справе ўжывалі да гэтага часу толькі да Марыны Глазавай, але чаму — ніхто не ведае, а цяпер многіх закрываюць), а з адваката ўзялі падпіску аб неразгалошванні (упершыню такое па гэтай справе).

Сястра кажа, на допыце ёй паказалі 16-секунднае відэа, дзе ці яна, ці не яна стаіць на тым самым скрыжаванні (мы яго называем «Вадамётным»).

Яшчэ стала вядома, што 24 сакавіка затрымалі Канстанціна Свідуновіча — гэта вядучы праграмы «Ранішняга эспрэса» на Беларусь-4 (ТРК «Брэст»). Яго таксама накіроўваюць у СІЗА.

Напэўна, ёсць нехта яшчэ, але мы пра іх не ведаем. Людзей кідаюць у СІЗА — і гэта перастае ўжо быць чымсьці дзіўным для нас. Вось такая мая Беларусь.

«Карагодная справа» — адна з самых маштабных крымінальных спраў, звязаных з паслявыбарчымі акцыямі пратэсту ў Брэсце. Усяго па ёй праходзяць некалькі дзясяткаў фігурантаў. Іх абвінавачваюць або падазраюць у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і пацягнулі за сабой парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. Судзяць абвінавачаных групамі па 10 чалавек.

Гаворка ідзе пра падзеі 13 верасня мінулага года. У той дзень калона дэманстрантаў выйшла на скрыжаванне праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў. Рух аўтамабіляў і грамадскага транспарту на ўчастку быў абцяжараны. Людзі спявалі песні, вадзілі карагоды да тых часоў, пакуль не прыехаў вадамёт. Услед за ім выбеглі сілавікі і сталі затрымліваць пратэстоўцаў.