«Сістэма будзе помсціць». Маці дваіх дзяцей Паліна Шарэнда-Панасюк паведаміла пра катаванні ў СІЗА
Актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк змагла праз сукамерніц па СІЗА № 7 Брэста перадаць на волю зварот, у якім расказвае пра катаванні ў турэмнай установе. Апошнія навіны пра Паліну, якую ўжо амаль тыдзень трымаюць у карцары, «Свабодзе» расказаў яе муж Андрэй.
У сваім лісце ад 24 лютага брэсцкая актывістка Паліна
Шарэнда-Панасюк піша пра дадатак №1 да загаду №55 начальніка СІЗА №7
Брэста, які выйшаў у верасні мінулага года. Паліна акцэнтавала ўвагу на
зменах у распарадку дня. Згодна з пунктам 31.2, зняволеных вымушаюць
заставацца ў сядзячым становішчы 16 гадзін (з 6:00 да 22:00). За спробы
прылегчы пагражаюць карцарам.
Паліна зазначыла, што нават у здаровых праз некалькі дзён
з'яўляюцца праблемы са страўнікам, болі хрыбетніка, пачынае скакаць ціск. Медычную
дапамогу ў гэтых выпадках у СІЗА ў поўнай меры не аказваюць. Паводле слоў Паліны,
харчаванне зняволеных амаль на 100% вугляводнае, што негатыўна адбіваецца на
стане здароўя.
Андрэй Шарэнда кажа, што ліст з гэтым зваротам меў доўгі
шлях. Але дзякуючы агульным намаганням неабыякавых людзей ён усё ж такі трапіў
на волю.
«Атрымалася, што ад свайго імя Паліна перадала калектыўны
зварот усіх зняволеных. Гэта вельмі сур’ёзны крок. Трэба разумець, якія будуць
наступствы. Ясна, што цяпер у брэсцкім СІЗА яе будуць вельмі "рады" бачыць. Зразумела, што псіхалагічны і фізічны ціск патроіцца. Сістэма,
адназначна, будзе помсціць», — кажа Андрэй Шарэнда.
Ён дадае, што ўжо перадаў зварот Паліны дакладчыкам ААН.
Звязаўся і з праваабаронцамі.
«Не ідзе на супрацоўніцтва са следствам»
Брэсцкая актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк пад вартай з 3 студзеня. Ёй прадʼяўлена абвінавачанне паводле арт. 364 КК («Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»). 23 лютага з брэсцкага СІЗА актывістку накіравалі на медыцынскую экспертызу ў псіхіятрычную лякарню ў Навінках. Тады на працягу 9-дзённага «этапу» жанчына правяла некалькі дзён у баранавіцкім СІЗА №6 і ў мінскім СІЗА №1.
«Паліна не ідзе на перамовы са следствам, ад слова "зусім".
Яна таксама не дала аніякіх паказанняў. Трэба было нечым дапоўніць яе справу.
Зараз з новага ў іх толькі рашэнне судова-медычнай экспертызы, — кажа Андрэй. —
Таму Паліну і адправілі яе праходзіць».
На пачатку мінулага тыдня брэсцкую актывістку наведаў
адвакат. Праз яго Паліна падзякавала ўсім людзям, якія яе падтрымлівалі —
адпраўлялі лісты і віншавальныя паштоўкі з Днём нараджэння.
Паліна таксама расказала адвакату аб псіхалагічным ціску і
пагрозах, якія раней атрымлівала ад супрацоўнікаў «Валадаркі».
«Паліна казала, што быў нейкі загад — ствараць для яе
жорсткія ўмовы. Сцвярджала, што ўсё можа скончыцца карцарам. Так урэшце і
здарылася», — дадае суразмоўца.
Андрэй кажа, што пасля «Навінак» Паліну павінны былі
адвезці ў Брэст, але этапавалі зноў на «Валадарку». Калі сябры прывезлі ёй
перадачу, даведаліся, што Паліну з 24 сакавіка змясцілі ў карцар на 10 сутак.
«За што — не ведаю. Ясна толькі, што ўсё гэта ўкладваецца ў
шэраг псіхалагічнага і фізічнага ціску дыктатарскага рэжыму ў яе бок», — кажа
Андрэй.
«Пазіцыя праваабаронцаў незразумелая»
Маці дваіх непаўналетніх дзяцей Паліну Шарэнду-Панасюк дагэтуль не прызналі палітзняволеннай. Яе муж лічыць, што такім чынам Паліне адмаўляюць у праве на самаабарону.
«Вельмі прыкра і крыўдна, што так адбываецца. На дадзены
момант з боку мясцовага кіраўніцтва ў дачыненні да Паліны рукі развязаныя.
Калі ў Мінску ў працаўнікоў турэмных установаў адносіны да палітзняволеных
могуць быць рознымі, то ў рэгіёнах некаторыя гэтыя «людзі сістэмы» баяцца за
сваю будучыню. Яны ведаюць, што знаходзяцца пад пільным вокам суседзяў. Таму
ставяцца да палітвязняў карэктна. Гэта я дакладна магу сказаць», — кажа Андрэй
Шарэнда.
Ён падкрэслівае: каб прызнаць Паліну палітзняволенай,
праваабаронцам патрэбныя афіцыйныя дакументы абвінавачання. І супраціў
супрацоўнікам праваахоўных органаў павінен быць негвалтоўны.
«Сёння справа Паліны цалкам засакрэчаная. Яна адмаўляецца
даваць паказанні. А дакумент, які неабходны праваабаронцам, мы атрымаем толькі
тады, калі будзе канчатковы прысуд. Але да гэтага трэба чакаць месяцы, а можа,
нават і год, — падкрэслівае суразмоўца. — Таму для мяне пазіцыя праваабаронцаў
незразумелая».