У цэнтры Мінска заўважылі рэдкую для Беларусі птушку
Першую ў гэтым годзе рэгістрацыю птушкі зрабіла ўдзельніца Клуба200 грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ). Бёрдвочары Мінска спяшаюцца паназіраць за залётным чырвананосым нырком і сфатаграфаваць яго.
![chyrvananosy_nyrok800.jpg chyrvananosy_nyrok800.jpg](/img/v1/images/chyrvananosy_nyrok800.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Яркі самец гэтай прыгожай качкі ўжо прынамсі два тыдні плавае на мінскіх вадаёмах. Спачатку яго назіралі на Мінскім моры, але цяпер ён плавае амаль у цэнтры: на ўчастку Свіслачы побач з дамбай Камсамольскага возера.
Гэты від распаўсюджаны ў Паўднёвай Еўропе, у нас ён ніколі не гнездаваў. У Беларусь адзінкавыя асобіны залятаюць не кожны год. У Мінску чырвананосы нырок зарэгістраваны ўпершыню.
Здымкамі нырка ў шлюбным уборы і сваімі назіраннямі актыўна дзеляцца ўдзельнікі тэлеграм-чата “Ціў-ціў”. Для ўдзельніцы з нікам Silia Ellariotti, якая і зрабіла рэгістрацыю, чырвананосы нырок стаў лайферам – гэта значыць відам, пабачаным упершыню ў жыцці. Бёрдвочарка падзялілася ўражаннямі:
«Хто так ці інакш звязаны з АПБ, напэўна чуў, што з 24 студзеня па 2 лютага праходзіў «птушыная перапіс», а дакладней — зімовыя ўлікі вадаплаўных птушак. Добрая магчымасць для аматараў прыроды не проста паназіраць за птушкамі, але і зрабіць унёсак у навуку і ахову дзікай прыроды.
29 студзеня, у мой другі ўліковы дзень, на дварэ было вельмі золка. Ужо ў першую гадзіну ўлікаў прамоклым было ўсё, у тым ліку бінокль. Але раптам на падыходзе да дамбы на паўночным усходзе вадасховішча заўважаю цікавае: амаль каля самага берага сярод крыжанак ціха мірна плавае чырвананосы нырок. Відавочна, чалавек паблізу яго не бянтэжыў: нырок плаваў сабе спакойна, даваў нырца, абтрасаўся… У Клубе200 АПБ у Фэйсбуку потым нават жартавалі: калі людзей не баіцца, то хатні і не лічыцца.»
Птушку назірала таксама Ірына Самусенка, кандыдат біялагічных навук, загадчык лабараторыі арніталогіі «НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі», сябра Цэнтральнага савета АПБ:
«У Клубе200 АПБ была інфармацыя, што недзе на Мінскім моры назіралі чырвананосага нырка. Некаторыя бёрвочары ездзілі паназіраць за ім, але ў мяне не было часу, і потым сябра клуба Данііл Жураўлёў напісаў, што бачыў яго на Свіслачы каля дамбы. Хутчэй за ўсё, гэта той самы нырок. Мой калега Віктар Натыканец праводзіў назіранні на Мінскім моры, і яго там ужо не было. У нядзелю я рабіла назіранні за чайкамі: на рацэ ўтварыўся лёд, і было зручна выглядаць кольцы на іх лапах — за дзень я назірала больш за 30 акальцаваных птушак. Змагла паназіраць і чырвананосага нырка. Ён трымаўся разам з качкамі-крыжанкамі каля дамбы: гэта адно з месцаў у Мінску, дзе вада не замярзае, і нават у вялікія маразы там трымаюцца 20-40 качак-крыжанак, да якіх часам далучаюцца цікавосткі. Напрыклад, акурат у гэтым месцы год таму я назірала нырка-маранку.»
Мінчане пакуль што маюць добры шанс убачыць гэтую рэдкую птушку на свае вочы. А калі вам пашчасціць убачыць незнаёмую птушку самім — вызначыць яе дапаможа мабільны дадатак Ptushki ад АПБ.
Тэкст: Алеся Башарымава
Фота і відэа чырвананосага нырка: Павел Новікаў, Дзяніс Пасанен, Ірына Самусенка