У Касцюковіцкім раёне разбураецца драўляная царква XIX стагоддзя

Галоўная славутасць вёскі Гаўрыленка, што ў 30 кіламетрах ад горада Касцюковічы — Свята-Пакроўская праваслаўная царква. Яна была ўзведзена ў 1863 годзе на беразе рэчкі Зубр, піша «Магілёў. Media».

img_20210722_162949.jpg

У 1884 годзе ў царкве была адкрыта прыходская школа і ёй належала 37 дзесяцін зямлі. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, калі бальшавікі вялі барацьбу з рэлігіяй, царква была зачынена. У савецкі час тут размяшчалася збожжасховішча. У пачатку 90-х гадоў з храма быў вывезены ў горад Клімавічы пазалочаны іканастас.

ga_rylenka._svjata_pakro_skaja_carkva._xx_st.jpg

Гісторыя царквы авеяна легендамі. Адна з іх — падземны ход, які нібыта звязваў яе з капліцай на мясцовых могілках. Некаторае падабенства ходу захавалася да гэтага часу, але, на жаль, на сёння гэты магчымы ход засыпаны зямлёй.

ga_rylenka._svjata_pakro_skaja_carkva.jpg

Дзіўнай прыгажосці храм, які без перабольшання можна назваць перлінай драўлянага дойлідства, доўгі час з’яўляўся сельскім духоўным цэнтрам. Як бачна, гэты каштоўны гістарычны помнік у хуткім часе можа ператварыцца ў руіны і знікнуць з твару зямлі. Натуральна, што праблема разбурэння помніка ўзнікла не зараз, але з кожным годам стан сакральнай пабудовы пагаршаецца.

img_20210722_162953_768x432.jpg

Між іншым царква знаходзіцца ў прасторным скверы, размешчаным у цэнтры вёскі. Аднак цяпер вакол царквы парасло шмат дрэў і ў далейшым гэта тэрыторыя можа ператварыцца ў лес, у якім і следу не будзе ад храма.