У Кіеве з'явіцца вуліца імя Героя Украіны беларуса Міхася Жызнеўскага

Украінскія памежнікі з кветкамі сустракалі Ніну і Міхаіла Жызнеўскіх, якія ехалі з цырымоніі пасмяротнага ўганаравання іх сына Міхася званнем героя Украіны.

4ca64c08_d754_47b8_8a85_aca114e768d5_cx0_cy7_cw0_w1023_r1_s.jpg

Бацькі Героя Украіны Міхася Жызнеўскага, Ніна і Міхаіл Жызнеўскія, якія атрымалі за загінулага сына з рук украінскага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі ордэн «Залатая Зорка» з дакумэнтамі, вярнуліся з Кіева ў Гомель. З белымі і чырвонымі ружамі бацькоў героя сустрэлі іх знаёмыя гамельчукі.
Зорачка нашага Мішы прыехала на радзіму, — сказала Ніна Васілеўна, як толькі сышла з мужам з аўтобуса. — Гэтым разам нават дарога здалася нам лягчэйшай, чым звычайна. Па вяртанні ўкраінскія памежнікі сустрэлі нас з кветкамі, павіншавалі, прапанавалі каву. Міхась Пятровіч частаваўся, а я засталася ў аўтобусе, бо цяжка хадзіць. Пашпарт памежнікі пасля адзнакі прынеслі ў аўтобус самі. Беларускія памежнікі не віншавалі, але таксама зарэгістравалі ўезд на радзіму, не патрабуючы, як звычайна, выходзіць з аўтобуса і ісці у залю пашпартнага кантролю.
Пра дэталі цырымоніі ў рэзыдэнцыі прэзыдэнта Пятра Парашэнкі і прыём у Кіеве Ніна Васільеўна распавяла Свабодзе.
З рэзыдэнцыі прэзідэнта па нас прыслалі аўтамашыну. Нечакана дзьверы ў залю прыёмаў адчыніліся, і мы ўбачылі Пятра Парашэнку. Я ажно зніякавела. А ён павітаўся і шчыра так, як даўнім знаёмым, зазначыў: «Ніна Васілеўна, у лютым вы мне казалі, што ў вас са здароўем праблемы, што развітацца прыехалі. Бачыце, зноў сустрэліся. І яшчэ сустрэнемся». Падбадзёрыў так мяне, сказаў, што я моцны чалавек. А калі надзвычай цёпла адазваўся пра Мішу, якога ён ведаў асабіста, назваў яго «вялікім беларусам і вялікім украінцам», у мяне неяк адлягло на сэрцы. Мы з Міхаілам Пятровічам вельмі ўдзячныя прэзыдэнту Украіны, усім украінцам, што яны не забылі нашага сына, шануюць яго як мужнага барацьбіта за свабоду і незалежнасьць. Думаю, што і ў Беларусі такіх шмат. Украінцы паказалі нам, як трэба бараніць краіну ад карупцыянераў пры ўладзе, а заадно і сваю чалавечую годнасць.
Ці ўдалося наведаць ў Кіеве мясціны, звязаныя з вашым сынам?
Гэта абавязкова, калі бываем у Кіеве. На выхадзе з рэзідэнцыі прэзыдэнта нас сустрэлі не толькі журналісты, але шматлікія гараджане з букетамі ружаў. Папрасілі адразу завезці нас на вуліцу Грушэўскага, дзе 22 студзеня 2014 году загінуў наш сын ад кулі наёмнікаў Януковіча. Пасярод вуліцы застаўся народны мемарыял, складзены з невялікай па памерах пліткі для ходнікаў. На ім ладны такі здымак Мішы. Частку ружаў паклалі на гэты народны мэмарыял. Непадалёку ад яго ўкраінскія ўлады паставілі помнік нашаму сыну, да якога ў дзень памінання герояў Нябеснай Сотні прыходзіць ушанаваць памяць і прэзыдэнт Пятро Парашэнка з жонкаю. Мы тут таксама паклалі ружы. Я расчулілася, не стрымала слёз. І мае ўкраінскія сяброўкі таксама выціралі вочы. Заадно й парадаваліся, што і Міша з вышэйшай узнагародай нарэшце далучаны да «залатой» кагорты герояў Нябеснай Сотні.
Пасля паехалі на вуліцу Беларускую, дзе адкрыты асобны помнік беларусам, палеглым за Украіну. Запалілі свечкі і паклалі кветкі.

5ecdd1a8_875f_42a3_90e5_4478b0348796_w650_r0_s.jpg

Хто, апрача ўкраінскіх уладаў, спрыяў, каб Вярхоўная Рада ўнесла змены ў заканадаўства з тым, каб Міхась мог быць пасмяротна ўзнагароджаны зоркай Героя Украіны?
Ініцыяваў змены ў Вярхоўнай Радзе сам Пятро Парашэнка. Я ведаю таксама, што наш паэт і палітык Уладзімір Някляеў асабіста гутарыў з украінскім прэзідэнтам наконт нашага Міхася. Рэжысёрка Вольга Мікалайчык з Мінску таксама апекавалася гэтым пытаннем.
Спагаду і падтрымку наша сям’я мела ад шэрагу гамельчукоў, якія прытрымліваюцца дэмакратычных поглядаў. Яны і грошы на помнік збіралі, і ставіць яго дапамагалі, і розныя імпрэзы ладзілі да памятных датаў, звязаных з біяграфіяй нашага сына і незалежнасцю Беларусі.
Як лічыце, ці зменіцца стаўленне беларусаў да Міхася Жызнеўскага пасля ўзнагароджання яго зоркай Героя Украіны?
Думаю, што сапраўды зьменіцца, хоць людзі ёсць усякія. Тыя, хто думаў, што «бандэравец» — гэта такі адмоўны персанаж ва ўкраінскай гісторыі, зразумеюць, што гэта найперш патрыёт Украіны. Высокае званне Героя будзе своеасаблівым абярэгам і для помніка Мішы, што на яго магіле. І нам не давядзецца звяртацца па дапамогу да ўкраінскага прэзыдэнта, каб бараніць помнік ад вандалаў. Тыя, дарэчы, ужо спрабавалі паздзекавацца з яго, надрапаўшы крыўднае слова «здраднік». Наш сын паклаў сваё жыццё за свабоду не толькі Украіны, але і Беларусі.
Бацька героя Міхаіл Пятровіч дадае, што ў Кіеве плануюць неўзабаве назваць адну з вуліц імём Міхася Жызьнеўскага — пра гэта ім распавялі ва ўкраінскай сталіцы знаёмыя кіяўляне, абазнаныя ў справах тамтэйшых уладаў.
«На жаль, нашы землякі з ліку старэйшага пакалення, якія не карыстаюцца альтэрнатыўнымі крыніцамі інфармацыі, тым жа інтэрнэтам, не ведаюць толкам, чаму узьнік Майдан, хто ваюе ў Данецку ды Луганску. Ківаюць на «бандэраўцаў». Лічаць таксама, што Расія не мае дачынення да вайны на паўднёвым усходзе Украіны. Упэўнены, што бальшыня беларускай моладзі зразумее, у чым быў геройскі ўчынак нашага сына. Ён жа ўваходзіў у самаабарону, якая ахоўвала Еўрамайдан, імкнуўся мірным чынам суняць напружанне паміж пратэстоўцамі і сілавікамі, якое нарастала. І нашага сына забілі стрэлам у сэрца».

0a84301e_b78a_46a4_a1a1_c396001f73d2_w650_r0_s.jpg

Ледзь перадыхнуўшы з дарогі, Ніна і Міхаіл Жызьнеўскія выправіліся на радзінныя могілкі ў вёску Сцяг Працы, што пад Гомелем. Паехалі разам з высокай украінскай узнагародай, каб сказаць сыну: «Міхась — ты Герой».
Паводле svaboda.org