У кожнага свой Чарнобыль і свая філасофія дабрыні

Журналіст, сталы аўтар "Новага часу", Аляксандр Тамковіч 12 сакавіка прэзентаваў у Мінску нямецкамоўную версію кнігі «Філасофія дабрыні. Ад катастрофы — да сада надзеі», выдадзеную, дзякуючы высілкам Ірыны Грушавой.

aljaksandr_tamkovicz_logo.jpg

На прэзентацыі кнігі прысутнічалі і некаторыя суаўтары. Яны ўсе розныя, але іх аб’ядноўвае тое, што яны вырашылі не мірыцца з наступствамі трагедыі. Кожны з іх у свой спосаб робіць тое, што можа. Гэта фактычна была не прэзентацыя, а дыскусія на тэму наступстваў Чарнобыля.

З’яўленню нямецкамоўнай версіі кнігі папярэднічала вялікая праца. Трэба было знайсці перакладчыкаў, рэдактараў, карэктараў, таму ў выніку ў працы былі задзейнічаны шмат людзей.

prezentacyja_tamkovicza_logo.jpg

Варта адзначыць, што нямецкамоўнае выданне па памеры больш як у два разы «мажнейшае» за беларуска-рускамоўнае, прэзентацыя якога адбылася ў Мінску яшчэ ўвесну 2016 года. Стваральнікі кнігі патлумачылі гэта некалькімі прычынамі. Па-першае, нямецкая мова адрозніваецца ад беларускай большымі па памеры канструкцыямі, але не гэта галоўнае. У новым выданні з’явіліся дапаўненні, фатаздымкаў стала нашмат больш, да таго ж вельмі шчымлівую прадмову напісаў кіраўнік германскай рады чарнобыльскіх ініцыятываў пастар Буркхард Хамаер, які займае гэтую пасаду з моманту яе тварэння 22 гады таму. Дарэчы, першая прэзентацыя нямецкамоўнай версіі адбылася восенню ў Германіі.

Я ніколі не прынясу ў ахвяру дзяцей”

Пра што сама кніга? Яна пра дзейнасць фонду «Дзецям Чарнобыля», з дапамогай якога адных толькі дзяцей на аздараўленне за мяжу было адпраўлена 600 тысяч. Калі дадаць да іх яшчэ бацькоў, блізкіх, знаёмых, то атрымліваецца яшчэ адзін Мінск. А ячшэ сотні тон гуманітарных грузаў, лекаў. Стажыроўкі нашых спецыялістаў у розных накірунках, пераважна медыкаў, вымяраліся сотнямі. “Вось пра гэта і напісана кніга. Вялікі дзякуй тым людзям, якія дапамагалі нам, беларусам, у пераадоленні чарнобыльскае бяды, — сказаў Аляксандр Тамковіч.

dsc_0551_logo.jpg

Таму першае, што ўбачылі і пачулі тыя, хто прыйшоў на прэзентацыю, гэта быў відэазварот Генадзя Грушавога, які быў зроблены больш за дзесяць гадоў таму. У ім Генадзь Грушавы называе нямецкіх сяброў, якія дапамагалі беларускім дзецям, “падарункам лёсу”. “Гэтыя цяжкасці становяцца не такімі істотнымі, калі ты разумееш, што ты робіш і для каго ты гэта робіш, — разважаў Грушавы.

Ён сказаў, што яму не цікава, хто дапамагае дзецям — палітык ці камуніст, галоўнае, што гэтыя людзі хочуць дапамагаць дзецям і робяць гэта шчыра — значыць мы будзем разам. “Усе праграмы мы будзем пачынаць з дзяцей і ўсе праграмы будзем звадзіць да дзяцей. Я ніколі не прынясу ў ахвяру дзяцей дзеля нейкіх акцый пратэсту”.

Дарэчы, першы Чарнобыльскі шлях прапанаваў менавіта Генадзь Грушавы.Толькі прайшоў ён не 26 красавіка, а 30 верасня.

“Не пасля, а з Чарнобылем”

Пра сваё суаўтарства расказала і Святлана Алексіевіч. Яна падкрэсліла, што важна ўсведамляць, што мы жывём не пасля Чарнобыля, а з Чарнобылем. Па яе словах, менавіта Генадзь Грушавы шмат зрабіў і для дзяцей, і для псіхалогіі і для развіцця светапогляду, дзеля таго, каб мы змаглі зразумець, што такое Чарнобыль.

suautarka_knihi_svjatlana_aleksievicz_logo.jpg

Ноўбелеўская лаўрэатка заключыла, што зараз людзі зразумелі, што не застаецца ў нас іншага шляху, акрамя таго, як прызнаць, што жыць нам трэба менавіта тут: “Выбару ў нас няма. Мы толькі можам мераю сваіх сілаў гэтаму злу супрацьстаяць”.

Катастрофа як пункт адліку

Для для кінарэжысёра і акцёра Вячаслава Нікіфарава Чарнобыльская катастрофа стала своеасаблівым пунктам адліку: яго старэйшая дачка нарадзілася за два гады да трагедыі, а малодшая — праз два гады пасля. Але кінарэжысёр перакананы, што нельга разглядаць тое, што звязана з Чарнобылем, эпізадычна.

prezentacyja_tamkovicza_2_logo.jpg


“Раней філосафы казалі накшталт таго, што “калі сонца мільёны гадоў усходзіць і заходзіць, гэта не азначае, што заўтра яно падымецца яшчэ раз”. Бяспечных АЭС проста не існуе. Таму варта прызнаць, што мы знаходзімся пад пагрозай. Якім чынам нешта можа здарыцца? Мы не ведаем. Але такія акцыі, кнігі, якія дазваляюць думаць і разважаць, нам патрэбны”.

“Усе забываюць пра тое, што такое Чарнобыль”

Доктарка Валянціна Смольнікава, якая змагаецца з дзіцячымі ракавымі хваробамі, распавяла, што зусім нядаўна яна з аднадумцамі знайшла тых людзей, якія перанеслі рак шчатавіднай жэлезы. Усе яны —інваліды. Некаторыя з іх маюць сем’і. А у некаторых праз інваліднасць няма ні працы, не сям’і. Шмат хто з іх адмовіўся атрымаць інвалідныя групы, бо яны ведаюць, што атрымаць працу пасля будзе складана.

doktar__prezentacyja_tamkovicza_logo.jpg

“Дзяржава хоча закрыць памяць пра Чарнобыль. Раўнадушша і страх робяць так, што ўсе забываюць пра тое, што такое Чарнобыль. Калі ў мінулым годзе праводзілі абследаванне, — з болем кажа жанчына, — то пабачылі, што ўнутры нашых дзяцей хаваецца ўся табліца Мендзялеева:  і стронцый, і цэзій… І здароўе нашых дзяцей пагаршаецца адназначна. Нас не пускаюць у школы, нам не даюць чытаць лекцыі. Дзеці і бацькі вяртаюцца з-за мяжы з паніжаным узроўнем радыяцыі. І наша арганізацыя распаўсюджвае інфармацыю пра тое, што мусяць рабіць сем’і, каб узровень радыяцыі знізіўся”.

Спадарыня Валянціна кажа пра тое, што зараз Чарнобыльскія дзеці сыходзяць на іншы план. У першую чаргу зараз дзяржава клапоціцца пра дзяцей сілавікоў і вайскоўцаў.

“Я хачу падзякваць тым, хто дапамагае беларусам выжыць. А жыць інваліду вельмі цяжка. У дзетак развіваюцца хваробы костак. А вылекаваць, на жаль, такія хваробы немагчыма. Немагчыма суцешыць і матуль, якія жывуць у пекле, маючы кожнага дня рызыку страціць дзіця…”.

“Цяпер я ведаю, што такое Чарнобыль”

Праект Фонда “Жыццё з дыябетам” існуе з 1993 года, у Беларусі — з 1995-га. Калісьці жанчына пайшла да Генадзя Грушавога са сваімі асабістымі праблемамі. І ён сказаў ёй: “Ты дапаможаш сабе сама”. “І ў 92 годзе, калі я прыйшла ў фонд, я хавала, што ў мяне дыябет, — узгадвае ЛюдмілаМарушкевіч, хворая на дыябет сама, стала дапамагаць іншым. — Я баялася, што з дыябетам мяне могуць не выпусціць за мяжу. А Грушавы, даведаўшыся пра гэта, падышоў да мяне і сказаў: ”Ты мусіш зрабіць гэты праект”.Так, будучы настаўнікам, Людміла з хворымі на дыябет дзецьмі паехала ў Англію. Там яна ўпершыню пабачыла глюкометр (прыбор, якім вымяраецца цукар у крыві чалавека). І калі жанчына ў 1995 годзе вярнулася ў  Беларусь, то сказала: “Мы будзем рабіць гэта ў нас”.

Спадарыня Людміла пераконвае, што ў вольным доступе мы не можам знайсці інфармацыю пра тое, як Чарнобыль паўплываў на захворванні дзяцей. Але дзяцей з цукровым дыябетам пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС стала значна болей. Для прыкладу, фонд прымае на лекаванне дваццаць чалавек за год. На сёння ў чарзе стаіць ужо трыццаць восем чалавек. І ўся гэта чарга складаецца з дзяцей д 10 год.

“Зараз у памерлых вёсках сталі з’яўляцца булыжнікі. Нядаўна мы з братам усталявалі Крыж у вёсцы, дзе нарадзілася наша мама. І ўпісалі туды імёны ўсіх жыхароў. А вакол – поле, дзе растуць тыя культуры, якія пасля мы спажываем”.

Калісьці Генадзь Грушавы падарыў спадарыні Людміле “Чарнобыльскую малітву” Святланы Алексіевіч”. Цяпер жанчына возіць заўжды з сабой гэтую кнігу на мерапрыемствы і летнікі. Яна чытае першыя старонкі дзеля таго, каб дзеці зразумелі, што такое Чарнобыль. І толькі аднойчы адзін з бацькоў падышоў жа жанчыны з пытаннем “чаму вы пужаеце дзяцей?”. А адзін хлопчык ацаніў кнігу, сказаўшы, што яна — “круцейшая за “Сталкер”. Маці Людміла пасля прачытання “Чарнобыльскай малітвы” сказала: цяпер я ведаю, што такое Чарнобыль”.

Чарнобыль пачаўся са шчаўя

Старшыня Саюза Беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч нарадзіўся ў Хойніцкім раёне. У той час, калі адбылася катастрофа, Барыс Пятровіч жыў у Гомелі і працаваў у газеце “Гомельская праўда”. 26 красавіка пісьменнік запомніў праз незвычайнае надвор’е: дзьмуў цёплы вецер, які моцна біў пяском па твары. 28 сакавіка ў рэдакцыі газеты была планёрка, але пра катастрофу на ёй ніхто нічога не сказаў. Адзінае, што прачытаў Барыс Пятровіч — нататку ў газеце “Праўда”, але там было напісана пра аварыю, якая не нясе наступстваў.

prezentacyja_tamkovicza_4_logo.jpg

На выходных спадар Барыс з жонкай прыехаў на вёску. Жонка нарвала маладога шчаўя і паставіла з яго варыць суп. А сам спадар Барыс злавіў па радыёпрымачы шведскую хвалю, дзе і  пачуў паведамленне пра катастрофу, у якім раілася не  есці маладую цыбулю і шчаўе, сарванае з агароду. Пасля гэтага паведамлення пісьменнік зняў з газу рондаль і выліў вонкі суп.

prezentacyja_tamkovicza_3_logo.jpg


Гэта пасля ўжо ў тагачаснага журналіста было шмат камандзіровак па Хойніцкім, Брагінскім і Нараўлянскім раёнах... Гэта пасля ўжо з’явіліся аповесці і апавяданні Шамякіна, Быкава, Федарэнкі… “Але не гледзячы на працы журналістаў і літаратараў стаўленне людзей, якія там жывуць, змянілася не надта. Літаральна пару гадоў таму, калі я там быў, бачыў, што людзі збіралі суніцы ў лесе. І мне здаецца, няма гэтаму апраўдання. Колькі мы б ні пісалі, кожны павінен зразумець, што ён сам адказны за сваё здароўе”.

prezentacyja_tamkovicza_5_logo.jpg

У дыскусіі прынялі удзел таксама нямецкія калегі і тыя людзі, хто спрычыніўся да выдання кнігі. Пасля дыскусіі перад гасцямі прэзентацыі выступіў Заслужаны аматарскі калектыў Беларусі, фальклорны гурт “Гасцінец”, які браў удзел у розных мерапрыемствах фонду “Дзецям Чарнобыля”.

prezentacyja_tamkovicza_6_logo.jpg

Фота Аляксея Хадыкі і Вікторыі Чаплевай