У Мінску частаваліся марозівам ад Боны Сфорцы
Ад ВКЛ да БССР: у музеі «Белы Полюс» гатавалі марозіва па
старадаўніх рэцэптах.

У
чацвер, 22 чэрвеня, у музеі «Белы Полюс» прайшла дэгустацыя марожанага па
арыгінальных беларускіх рэцэптах — ад ВКЛ да БССР. Наведвальнікі
пакаштавалі салодкі ласунак чатырох эпох, а таксама навучыліся гатаваць яго
самастойна падчас майстар-класа пад кіраўніцтвам тэлевядучай, пісьменніцы і
фуд-блогера Арыны Лісецкай.
Самым старажытным рэцэптам і сапраўдным гістарычным адкрыццём
вечара стала марозіва 16 стагоддзя з ВКЛ. Тое
самае, якое так любіла Бона Сфорца і рэцэпт якога спецыяльна прывезла ў
Беларусь з Італіі.

"Італія лічыцца радзімай еўрапейскага марожанага. Беларуская каралева Бона Сфорца, якая была родам з Мілана, вельмі любіла халодны ласунак і пры пераездзе, вядома, не магла не захапіць яго рэцэпт з сабой у Беларусь, — распавядае фуд-блогер Арына Лісецкая. — Яе рэцэпт досыць просты ў выкананні, так што кожны зможа прыгатаваць сабе каралеўскае марозіва дома: 5 яек змяшаць са шклянкай цукру і шклянкай вяршкоў — і паставіць астуджаць на тры гадзіны".

Падчас дэгустацыі ўсе госці музея таксама маглі пакаштаваць "сялянскае марозіва" па рэцэпце 17 стагоддзя, якое выраблялася з салодкага тварагу, перамешанага з разынкамі і снегам, і з'яўлялася простым аналагам прысмака, даступнага ў той час толькі шляхце. Трэцяй эпохай марозіва, якую вывучылі на дэгустацыі, стала 19 стагоддзе і кававы ласунак па самым масавым рэцэпце Расійскай імперыі — з вяршкоў, яек, ванілі і кавы.
У завяршэнні вечара ўсе госці змаглі пачаставацца легендарны пламбір, выраблены па ГОСТе БССР. Кожны наведвальнік таксама мог пакаштаваць і сучаснае марозіва — за гэта адказваў натуральны пламбір "Белы Полюс" у хрумсткім стаканчыку, які па традыцыі музея госці атрымліваюць на ўваходзе разам з білетам.

Паводле пост-рэлізу