У Мінску прэзентаваныя першыя дзве кнігі з серыі «Турэмнай літаратуры» (+фота)

У Мінску 28 лістапада былі прадстаўленыя кнігі Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан» і Змітра Дразда «Бунт батанікаў». Палітычныя актывісты, якія прайшлі турму, распавядаюць пра свае назіранні, думкі і перажыванні падчас знаходжання ў няволі.

img_20171128_182555943_logo.jpg


Серыю «Турэмная літаратура» запачаткаваў Праваабарончы цэнтр «Вясна». Першая прэзентацыя адбылася ў Вільні падчас IV праваабарончага Форума.

«Еду ў Магадан» і «Бунт батанікаў» — турэмная традыцыя беларускай літаратуры


«Цягам нашай гісторыі вялікая колькасць пісьменнікаў прайшла праз турмы і лагеры. Нягледзячы на тое, што Беларусь зараз вольная, незалежная, пісьменнікі за свае погляды трапляюць за краты і сёння. Адукаваныя людзі апісваюць свае рэфлексіі і распавядаюць, што ім дапамагло перажыць выпрабаванні», — адзначыла куратарка праекту Алена Лапцёнак. На думку прамоўцы, гэтыя творы ў будучым дачакаюцца свайго даследчыка.

Алена Лапцёнак

Алена Лапцёнак

Кіраўнік ПЦ «Вясна» Алесь Бяляцкі ўзгадаў у сваім выступе Славаміра Адамовіча, які быў першым творцам, пацярпелым за свае перакананні ў навейшай гісторыі краіны. У дваццатым стагоддзі праз турмы прайшлі Карусь Каганец, Алесь Гарун, Якуб Колас…
«Турма спыняе мітусню ў думках і дае магчымасць засяродзіцца. Узнікае жаданне выказацца на паперы і напісаць пра глабальныя рэчы і вечныя каштоўнасці. Фізічныя пакуты ўвасабляюцца ў мастацкае слова высокай якасці. Штодзённае натаванне думак дапамагае вязню мацаваць свой дух, сваю волю», — кажа Алесь Бяляцкі.

img_20171128_184623709_logo.jpg


Алесь узгадаў, як яму ў турму свае кнігі дасылалі Уладзімір Някляеў, Аляксандр Фядута. Прыгадваў прозу Змітра Дашкевіча пра турэмныя прыгоды з кнігі «Чарвяк», турэмны дзённік Анатоля Лябедзькі, кнігу ўспамінаў Андрэя Саннікава.
На думку Алеся Бяляцкага, выданне турэмнай літаратуры важна з пункту гледжання захавання праўды пра нашу сённяшнюю рэчаіснасць. Серыя будзе працягвацца. Адзін рукапіс здадзены ў друк. Яшчэ дзве рыхтуюцца.
«Мы працягваем гэтую традыцыю, натхняем людзей, якія прайшлі выпрабаванні, на творчасць. Бо праз гадоў дваццаць мала хто будзе памятаць пра гэта. А кніга гэтую памяць захавае».
Алена Лапцёнак распавяла пра працу па ўкладанні кнігі Ігара Аліневіча, узгадвала рэпрэсаваных у савецкі час Сяргея Грахоўскага, Ларысу Геніюш.
«Турэмная літаратура гэта нонфікшн, тое, што чалавек піша на падставе ўласнага досведу, што ён перажыў. Гэта можа быць проза, вершы, дзённікі», — казала Алена.
Галіна Дубянецкая прачытала ўласны пераклад на беларускую мову любімага верша Ігара Аліневіча аўтарства Кіплінга, які стаў прадмовай да кнігі «Еду ў Магадан».

Галіна Дубянецкая

Галіна Дубянецкая

Валянціна Аліневіч, маці Ігара Аліневіча, якая прысутнічала на прэзентацыі, падзялілася ўспамінамі: «Менавіта ў гэты дзень у 2010 годзе майго сына выкралі ў Маскве. З гэтага эпізоду пачынаецца кніга Ігара. Я ўсцешаная, што гэтыя выпрабаванні нас не зламілі, а толькі загартавалі. Для яго гэта самая каштоўная кніга, бо яна напісаная ў турме. «Як ты ўсё памятаў? — пыталася, — Кнігу можна на цытаты разбіраць». «Карцар вельмі асвяжае памяць», — ён адказвае. Колькі туды трапляе годных, сумленных людзей ведаюць толькі тыя, хто там пабываў. Людзі думаюць, што турма недзе далёка, а яна побач. Ігар для сябе вырашыў, што годнасць і сумленне важнейшыя, гэта дапамагло яму вытрываць».

Валянціна Аліневіч

Валянціна Аліневіч

Аксана Колб, галоўная рэдактарка «Новага часу», распавяла пра тое, як творы Ігара Аліневіча друкаваліся на старонках выдання. Гэта была першая публікацыя, якая, хаця і была рызыкоўнай, але маральна вельмі падтрымала Ігара. Таксама Аксана заклікала пісаць лісты падтрымкі вязням, для іх гэта вельмі важна.


Пра тое, як пісалася кніга «Бунт батанікаў» самаіранічна распавёў яе аўтар Зміцер Дрозд.Паводле Кіраўнічкі Беларускага дакументацыйнага цэнтру Раісы Міхайлоўскай, гістарычнай навуцы пашанцавала, што за кратамі апынуўся такі абазнаны гісторык як Зміцер Дрозд, які здолеў бесстаронна апісаць усё, што бачыў, і шчыра падзякавала яму за сумленную працу.