«У нас на вас ёду няма». Зь якімі цяжкасьцямі беларусы лечаць рак

У беларускі Аліны (імя зьмененае. — РС) знайшлі рак шчытападобнай залозы. Цяжкае лячэньне суправаджаецца праблемамі зь лекамі, абыякавасьцю некаторых мэдыкаў. «Цяжка фізычна, псыхічна. У дадатак трэба проста ваяваць за сваё лячэньне», — кажа Аліна. Яна расказала Свабодзе сваю нялёгкую гісторыю.

115805030_311995826519551_2379117554987930953_n_logo_1.jpg

«Рак дыягнаставалі дзякуючы прафэсійнай і дасьведчанай лекарцы»

Увесну 2021 году Аліна пачала моцна кашляць. Вакол якраз бушаваў COVID-19. Аліна працуе з людзьмі, таму занепакоілася, каб ня стаць разносчыкам вірусу. Запісалася на прыём да лекаркі. Дома яна адсочвала свой стан і запісвала ўсе сымптомы.
«Мне пашанцавала, што я трапіла да маладой, але адукаванай і дасьведчанай лекаркі. Яна ўважліва паставілася да мяне і прызначыла шмат дасьледаваньняў. УГД, аналізы, холтэр. У выніку выявілася, што ў мяне праблемы са шчытападобнай залозай — знайшлі вузел у 11 мілімэтраў. І быў не ў парадку ТТГ — гармон шчытавіцы», — кажа Аліна.


Да гэтага яе напружвала лішняя вага. Кажа, што «вага — гэта лішніх 15 кілё, прыплылі ніадкуль, я нават ня дыхала побач з шакалядкамі». Гэта таксама былі наступствы збою ў працы шчытападобнай залозы. У эндакрыналягічным дыспансэры ў яе ўзялі пункцыю.
«Як сказала б моладзь, выявілася, што „шчытападобная залоза пакінула чат“. Знайшлі анкалёгію. Пашанцавала, што папаліся добрыя спэцыялісты і адразу здолелі ўзяць пункцыю, бо ў такі малы вузел — 11 мілімэтраў — цяжка трапіць зь першага разу», — тлумачыць беларуска.
Ёй выставілі дыягназ «папілярная карцынома шчытападобнай залозы». У дадатак знайшлі мэтастазы ў ліфмавузлах. Апэрацыя прайшла ў Менску. Далей Аліну чакала лячэньне — радыяактыўным ёдам-131.

«Сказалі, прыходзьце праз паўгода»

Аліна запісалася на апраменьваньне радыяактыўным ёдам на чэрвень 2021 году. Спачатку хвораму даюць тэставую зону, затым — «прасьвечваюць» і даюць лекавую дозу.
«Але цяжкасьць у тым, што месяц да працэдуры нельга прымаць гармоны і есьці пэўныя прадукты. Мякка кажучы, бо там вялікі сьпіс забароненага. Хлеба, булак нельга, яек, малочнай прадукцыі, чырвонай і жоўтай гародніны і садавіны і гэтак далей. Сэнс такі, каб увесьці арганізм у стан вострага гіпатырэёзу. Стан цяжкі. Млосна, валасы выпадаюць і яшчэ шмат чаго. Блага і фізычна, і псыхічна, бо дысбалянс гармонаў.


Пасьля тэставай дозы мне сказалі, што трэба рабіць лекавую. Але яе не зробяць! Бо „ў нас на вас ёду няма“, сказалі. Чаму? Бо яго прывозяць з Польшчы. У 2021 годзе былі перабоі праз каранавірус, у 2022-м, як мне сказалі, „праз геапалітычнае становішча“. Проста так купіць ёд у Польшчы і перадаць мне нельга, гэта ж не пігулка. Яшчэ такі момант, што беларусам гэтую працэдуру робяць бясплатна і па чарзе. Іншаземцам — платна, гэта каштуе ў раёне 3 тысяч даляраў. Можа быць, я дапускаю, радыяактыўны ёд ідзе іншаземцам? Ня ведаю», — кажа Аліна.
Лекавай дозы ёй не далі, сказалі: «Прыходзьце праз паўгода». Але Аліна пачала тэлефанаваць на розныя гарачыя лініі, у тым ліку ў Міністэрства аховы здароўя, і «выбіла» сабе лекавую дозу. «Але гэта я так зрабіла. Большасьць людзей, якіх адпраўляюць дахаты, моўчкі ідуць, і ўсё», — зазначыла дзяўчына.

«Праз год прыйшла — зноў не далі лекавую дозу!»

Аліне сказалі прыходзіць на чарговую працэдуру праз год, паставілі яе на чаргу. «Чарговы месяц трэба было рыхтавацца да працэдуры, не ўжываць гармонаў, быць на строгай дыеце. Бальнічнага ж ніхто не дае на гэты тэрмін. Таму я працавала, і было цяжка», — кажа дзяўчына.
Калі яна прыйшла ў шпіталь, сытуацыя паўтарылася. Аліна атрымала тэставую дозу, па лекавую сказалі прыходзіць праз 6 ці 8 месяцаў.
«Лекары наогул мне сказалі, што чамусьці пасьля тэставай дозы мне лекавая „ня зойдзе“, ня будзе эфэктыўнай. Але гэта глупства нейкае. Я падключыла сваіх сяброў, знаёмых з сацыяльных сетак. Мне пачалі шукаць анколягаў-радыёлягаў. Знайшліся добрыя дактары, якія пракансультавалі мяне і пацьвердзілі, што мне неабходная лекавая доза. Плюс аказалася, што нашы лекары мне схлусілі, калі сказалі, што праз 6-8 месяцаў лячэньне будзе больш эфэктыўным! У выніку менскія лекары пачалі тэлефанаваць нашым, падымаць маё пытаньне, і я зноў такім вось чынам дабілася лекавай дозы. Дасьледаваньні паказалі, што мне трэба была лекавая, вялікая доза, а дактары мне прапаноўвалі проста пагуляць яшчэ 6-8 месяцаў», — кажа Аліна.
Наступную працэдуру ёй прызначылі праз 8 месяцаў. Аліна ня ведае, зь якімі «прыгодамі» яна сутыкнецца праз гэты час.
«Бо менскія лекары ня маюць пэўнасьці, што наагул будзе той радыяактыўны ёд праз 8 месяцаў. Ды хто цяпер хоць у чым мае пэўнасьць? Але ўся гэтая сытуацыя, якая да таго ж паўтарылася ў мяне два разы запар, каштавала мне вялікіх нэрваў і здароўя. Шкада, што праз такі падыход я не магу засяродзіць свае сілы на лячэньні, а вымушана вырашаць столькі пытаньняў, разьбірацца ў некаторых рэчах ня горш за лекараў, адсочваць наяўнасьць лекаў ці радыяактыўнага ёду», — кажа Аліна.


Яна цешыцца, што ў паліклініцы па месцы жыхарства ў яе «мэгаталковая» лекарка, якая дапамагае ёй.
«Я заклікаю людзей пільна ставіцца да свайго здароўя. Бо агульная млявасьць, як у многіх з нас, лішняя вага ці дэпрэсія — гэта могуць быць прыкметы нястачы гармонаў шчытападобнай залозы. Я заклікала сваіх сяброў у сацыяльных сетках здаць аналізы на гармоны і зрабіць УГД. Па выніку многія сталі на ўлік да эндакрыноляга. Прашу людзей: глядзіце сваё здароўе», — кажа Аліна.
Захаваны правапіс арыгіналу