Журналістка і спявачка Кацярына Пытлева паведаміла пра анкалагічную хваробу

«У мяне рак. Так што сёння пачынаецца і мая асабістая вайна. Гэта быў найцяжэйшы месяц чакання пацвярджэння і абследаванняў, месяц прывіднай надзеі на цуд, што ўсё ж няма. Але цуду не здарылася...» — напісала Кацярына Пытлева ў сваім фэйсбуку.

95136753_2939808376054196_2706896266356326400_n_1200x800.jpg


Яна піша, што «ўсё жыццё ведала, што так, хутчэй за ўсё будзе» і «рыхтавалася да гэтага», бо па матчынай лініі пяць яе сваячак мелі дыягназ рак грудзей.

«Напярэдадні рэвалюцыі я праходзіла кансультацыі і абследаванні, каб прэвентыўна выдаліць абедзве грудныя залозы (двайная прэвентыўная мастэктамія, як у Анжэліны Джалі), але не паспела... Давялося з’язджаць, а тут у мяне доўгі час не было статусу, які дазваляў бы гэта зрабіць. І вось вынік», — адзначае журналістка.

Паводле Кацярыны Пытлевай, ніякіх сімптомаў у яе не было, падазрэнне на хваробу з’явілася падчас звыклага самаабследавання.

«Я рада, што я тут, а не ў Беларусі, улічваючы, якія цяпер у краіне чысткі ў сістэме аховы здароўя. Так што ўсё выявілася ў вельмі правільным месцы і ў правільны час, калі ў мяне ўжо з’явілася страхоўка, а гэта ўжо нямала. У мяне 2-я стадыя, на шчасце, метастазаў не знайшлі і пухліна не агрэсіўная, так што шанцы добрыя. Што тут яшчэ скажаш... Я спадзявалася, што гэты гробаны серыял з бясконцымі выпрабаваннямі ў маім жыцці скончыўся, але не. Так што чарговы раз уключаю “сталёвыя яйцы”. Ну а далей, як і з нашай перамогай, — рабі, што можаш, там, дзе ты ёсць. Так і пераможам», — напісала журналістка.

Кацярына Пытлева — праграмная дырэктарка і вядоўца youtube-канала Malanka Media, якая звольнілася з БТ на знак пратэсту напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Такім чынам яна выказала нязгоду з палітыкай дзяржавы і кіраўніцтва кампаніі.

Пасля выбарнай кампаніі Кацярына Пытлева страціла яшчэ адну працу — на радыё. Яе мужа затрымалі ў адну з нядзеляў на маршы пратэсту і асудзілі на 10 дзён арышту. Толькі дзякуючы валанцёрам сям’я даведалася, дзе ён. Па словах журналісткі, пасля гэтага ціск працягнуўся, але іншым чынам. Пачалі расследаванне эканамічнай дзейнасці, паляцелі ананімныя даносы за нібыта абразу дзяржаўнай сімволікі ў сацыяльных сетках.

Праз пераслед за грамадзянскую пазіцыю разам з сям’ёй Кацярына Пытлева з’ехала з Беларусі.

Нядаўна пра сваё анкалагічнае захворванне (таксама рак грудзей) паведаміла Кацярына Ваданосава — тэлевядоўца, спявачка, музыка, майстрыха традыцыйных строяў, мастачка. Яна таксама ў 2020 годзе брала ўдзел у пратэстах і ў жніўні 2021-га выехала з Беларусі разам з сям’ёй пасля пагрозы забраць дзяцей.