У Расіі выйшла кніга пра маньякаў. У ёй ёсць і беларусы

Кніга «Фенамен расійскіх маньякаў» — поўная картатэка маньякаў часоў СССР. Усяго ў базе амаль 500 персанажаў, у тым ліку 365 серыйных забойцаў. Аўтары кнігі — Антуан Касс і Ірына Капітанава сцвярджаюць, што на сённяшні дзень гэта самы падрабязны спіс, аднак не лічаць яго поўным і канчатковым. Дзіўна, але ў кнігу аўтары чамусьці ўключылі і беларусаў.  

5_613.jpg

Беларусаў у гэтай картатэцы няшмат, але некаторыя асобы адметныя. Дастаткова згадаць віцебскага душыцеля Генадзя Міхасевіча, якога ў прэсе празвалі «папярэднікам Чыкаціла». На рахунку злачынцы 36 забітых жанчын. Як вядома, пакуль Міхасевіча лавілі, за яго злачынствы асудзілі 12 чалавек, прычым аднаго прыгаварылі да смяротнага пакарання, а другі не вытрымаў ціску і спрабаваў скончыць жыццё самагубствам.

Трапіўся маньяк на ўласнай параноі: каб заблытаць следства, засунуў у рот апошняй ахвяры цыдулку, нібы ад сябраў арганізацыі, якая помсціць кабетам за сямейныя здрады. На гэтым і пагарэў. Почырк параўналі з асабістымі карткамі, якія ў той час захоўваліся ў міліцыі і запаўняліся ад рукі асабіста ўласнікам. Неўзабаве пасля гэтага забойцу затрымалі. Па прыгавору суда Міхасевіча расстралялі.

Цікава, што з Віцебска таксама паходзіць і іншы вядомы маньяк. Гэта Васіль Камароў (1877-1923), які, дарэчы, лічыцца першым савецкім серыйным забойцам. Усе злачынствы ён рабіў па адным сцэнары: знаёміўся з кліентам, які жадаў купіць той ці іншы тавар, прыводзіў у сваю хату, паіў гарэлкай, забіваў ударамі малатка, часам душыў, забіраў грошы і каштоўнасці, а затым пакаваў трупы ў мяшок і старанна хаваў. Ахвярамі Камарова сталі як мінімум 29 чалавек. 

Камарова затрымалі ў 1923 годзе. Суд прыгаварыў яго і ягоную жонку да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу. Дарэчы, пра Камарова публіка даведалася дзякуючы будучаму вядомаму пісьменніку Міхаілу Булгакаву — у 1923-м ён, тады шараговы журналіст, пісаў рэпартаж пра суд у адной з газет.

Ураджэнцам Беларусі быў нехта Юры Іваноў па мянушцы «маньяк з корцікам». У дзяцінстве Іваноў быў звычайным хлопчыкам, пакуль не атрымаў псіхалагічную траўму — на яго вачах загінуў бацька, трапіўшы пад трактар. Хлопчык кінуўся да цела бацькі і знайшоў побач з ім марскі корцік, які захаваў і часта насіў з сабой. Менавіта гэты корцік ён і выкарыстоўваў падчас злачынстваў. У 1976-м на адпачынку Іваноў пазнаёміўся з дзяўчынай. Курортны раман скончыўся трагічна — дзяўчына паведаміла, што ў яе венерычная хвароба. Раз'юшаны мужчына забіў каханку тым самым марскім корцікам. Гэта яго не супакоіла. Узлаваўшыся на дзяўчын, ён стаў браць з сабой корцік і выходзіць на «паляванне». Перш, чым яго злавілі, ён паспеў забіць дзвюх дзяўчат і сур'ёзна параніць адну.

Парадаксальна, але затрымаць яго змаглі менавіта дзякуючы ўсё таму ж корціку. Спрабуючы пазбавіцца ўлікі, ён быў затрыманы і хутка пакараны смерцю.

Жаданне помсціць зрабіла маньякам мінчаніна Валерыя Няхаева (1948-1983). Будучы працаўніком Тэатра оперы і балета, ён ледзь не стаў ахвярай няшчаснага выпадку на працы: калега выпадкова скінуў на яго дэкарацыю. Гэта настолькі ўзрушыла Валерыя, што ён вырашыў адпомсціць. Падмяшаўшы ў бутэльку шампанскага нейкі хімікат, ён аддаў яе таму калегу. Праз некаторы час мужчына разам яшчэ з адным супрацоўнікам тэатра паступілі ў лякарню, дзе і сканаў. Такім чынам Валерый атруціў яшчэ сем чалавек, трое з якіх памерлі. Аднак адзін з тых, хто выжыў, успомніў, што яму стала дрэнна менавіта пасля пачастунку Няхаева. Валерыя адразу затрымалі і пазней прыгаварылі да смяротнага пакарання.

Пад мянушкай «гродзенскі павук» на пачатку 90-х быў вядомы Міхаіл Маскалёў 1970 года нараджэння. Яшчэ ў юнацтве ён меў праблемы з міліцыяй, у выніку чаго атрымаў тры гады калоніі ўмоўна за хуліганства. Пасля ажаніўся, але адносіны з жонкай не склаліся. З 1990 года пачаў нападаць на жанчын. Усяго на рахунку Маскалёва два забойствы і тры замахі на забойства. Нягледзячы на тое, што большую частку нападаў ён учыніў у Беларусі, судзілі яго ў Расіі, паколькі апошні напад Маскалёў здзейсніў у горадзе Обнінск. Першапачаткова суд прысудзіў яго да вышэйшай меры, аднак у 1999 годзе смяротнае пакаранне было заменена пажыццёвым пазбаўленнем волі. Верагодна, Маскалёў да гэтага часу знаходзіцца ў турме.

Завяршае спіс беларускіх маньякаў жыхар Светлагорска Міранкоў Ігар (1969–1996). Прыкладна з 1990 года Міранкоў пачаў нападаць на хлопчыкаў 9-14 гадоў, гвалтаваць і забіваць іх. Усяго на яго сумленні шэсць дзяцей. Характэрна, што ў 1991 годзе ён быў асуджаны на тры гады за рабаванне, але так як быў на добрым рахунку, атрымліваў адгулы і тым часам працягваў забіваць. 

Маньяк быў злоўлены выпадкова. Адзін з суседзяў Міранкова праходзіў па артыкуле ў крадзяжы бензіну. Следчы вырашыў апытаць, ці не бачыў чаго дзіўнага яго сусед Міранкоў. Апошні вырашыў, што міліцыя прыйшла па яго, і адразу заявіў, што ўсіх дзяцей забіў ён, а ў доказ сваіх слоў быў гатовы паказаць месцы іх пахаванняў. У 1995 годзе педафіла прысудзілі да вышэйшай меры.