У справе гарадзенца — адзінаццаць пацярпелых амапаўцаў

У Кастрычніцкім судзе Гродна 14 чэрвеня пачаўся разгляд крымінальнай справы Андрэя Сакалоўскага. Яго вінавацяць па арт. 342 КК РБ (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і 364 КК РБ (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), піша «Вясна».

lancevich_01.jpg

Справу разглядае суддзя Маргарыта Ланцэвіч. Дзяржаўны абвінаваўца – пракурор Нічыпарук.
Справу маніторыць правааабаронца Раман Юргель.
Пракурор абвяшчае абвінавачанне: 6 верасня 2020 года на вуліцы Гарнавых у Гродна Сакалоўскі, знаходзячыся ў счэпцы грамадзян, аказаў відавочнае непадпарадкаванне супрацоўнікам АМАПа, з групай асобаў перашкаджаў супрацоўнікам міліцыі выконваць іх абавязкі. У ходзе групавых дзеянняў актыўна, з помсты, меў намер прычыніць боль 11 пацярпелым амапаўцам, пагражаў іх асабістай бяспецы.
Андрэй Сакалоўскі сябе вінаватым не прызнае.
Пракурор дапытаў пацярпелых і сведак. Дарэчы, пацярпелым амапаўцам змянілі асабістыя даныя.
Пацярпелы Іван Іваноў знаходзіцца за шырмай. Адказвае на пытанні пракурора: просіць кіравацца паказаннямі дадзенымі раней на допыце. Адказвае, што забыўся пра тыя падзеі.
"Грамадзяне, якія былі не згодныя з вынікамі выбараў, ішлі праз стары мост на несакцыянаванае масавае мерапрыемства. Інфармацыйная група паведамляла ім, што мерапрыемства несанкцыянаванае.
АМАП перакрыў праход, каб людзі не прайшлі да філармоніі, яны ішлі счэпкай, выкрыквалі лозунгі, штурхалі мяне... а потым яшчэ і каля ўніверсама “Брэст”.
Пракурор удакладняе супярэчнасці, зачытвае матэрыялы справы і ранейшыя паказанні Іванова.
Пракурор зачытвае пратакол допыту пацярпелага амапаўца Іванова, ад 20.12.2020 года.
"... Грамадзяне ішлі з БЧБ сцягамі, плакатамі. Некаторыя былі затрыманыя, іншыя сталі разыходзіцца".
На пытанне адваката адказваў, што людзі ішлі па праезнай частцы вуліцы і тратуары. На вуліцы Гарнавых некалькі разоў сутыкаліся з грамадзянамі.
У судзе дапытваюць пацярпелага амапаўца Аляксандра Белага. Ён нічога не памятае, прайшло шмат часу.
Паўтарае паказанні папярэдняга пацярпелага Іванова. Людзі не рэагавалі на папярэджанні.
"Людзі штурхалі нас, упіраліся, асабіста я нікога не затрымліваў".
Адказвае адвакату, што Сакалоўскага не ведае, не бачыў!
Адвакат:
— Дык які фізічны боль і пабоі вам прычыніў Сакалоўскі і пры якіх абставінах?
— Не памятаю!
— Куды вы звярталіся з рапартам аб збіцці? Хуткую дапамогу выклікалі?
 — Не! Не скардзіўся, не выклікаў.

Пытанне суддзі да Белага:
— Ад вас 9 чэрвеня паступіла іскавая заява ў суд з падрабязнасцямі інцыдэнту і аб спагнанні 1 000 рублёў у якасці маральнай шкоды.
Белы:
— Пазоў падтрымліваю, я пісаў.
Суддзя пытаецца ў Белага, як так атрымалася, што пазоў пададзены 9 чэрвеня, пару дзён таму, а сёння не памятаеце нічога, прэтэнзій да Сакалоўскага вы заявілі, што не маеце.
— Ну, як там напісана, так і ёсць!

У судзе працягваецца допыт пацярпелых амапаўцаў.
Амапавец Павел Латкоў тлумачыць, што на дзяжурстве ўбачылі натоўп людзей з б-ч-б сімволікай, якія ідуць па Гарнавых у цэнтр, да старога маста. Бачыў як калега затрымліваў абвінавачанага. “Мне нанеслі ўдар у твар. З натоўпу гучалі пагрозы. Памятаю, што затрымліваў лысага грамадзяніна, шчыльнага целаскладу".
Адвакат, пытаецца, у чым была агрэсіўнасць людзей?
— Былі непрыемныя выказванні ў адрас супрацоўнікаў, гучалі нейкія лозунгі. Яны ішлі прарываць ачапленне.
Адвакат:
­— Дык, а навошта вы перашкаджалі людзям ісці, яны былі без дручкоў, з балонікамі ж? Вы перакрылі тратуар, каб людзі не прайшлі і людзі пайшлі на праезную частку?
Мяне штурхалі. Людзі праводзілі мітынг. Кіраўніцтва дало каманду, каб не дазволіць людзям прайсці ў цэнтр горада. Камянёў і палак у людзей не было. Сакалоўскі супраціўляўся, вырваўся пры затрыманні, размахваў рукамі, я праводзіў яго ў аўтазак.
10 чэрвеня Павел Латкоў таксама падаў пазоў і просіць спагнаць з абвінавачанага 1 000 рублёў на карысць абласнога дома дзіцяці.
Абвінавачаны Сакалоўскі пазоў не прызнае.
У судзе абвешчаны перапынак да 10.45 22 чэрвеня.