Фігурантаў «справы Ціханоўскага» будуць судзіць у закрытым рэжыме
Фігурантаў «справы Ціханоўскага» Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка, Сяргея Ціханоўскага, Арцёма Сакава, Дзмітрыя Папова і Уладзіміра Цыгановіча будуць судзіць у закрытым рэжыме ў СІЗА Гомеля.
Пра гэта піша «Наша ніва», не называючы крыніцу інфармацыі. Такая ж інфармацыя змяшчаецца на YouTube-канале STATKEVICH.
Раней паведамлялася, што крымінальная справа ў дачыненні да фігурантаў «справы Ціханоўскага» будзе разглядацца ў Гомельскім абласным судзе, які прызначыць дату пасяджэння.
Ціханоўскі, Сакаў і Папоў абвінавачваюцца ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК), распальванні сацыяльнай варожасці супраць прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў (ч. 3 арт. 130 КК), пагрозах кіраўніку ЦВК (ч. 2 арт. 191 КК), арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК). Мікалай Статкевіч абвінавачваецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч.1 арт. 293 КК). Лосіку і Цыгановічу прадъяўленыя абвінавачванні ў распальванні сацыяльнай варожасці і варожасці ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненыя групай асоб (ч. 3 арт. 130 КК) і арганізацыі масавых беспарадкаў (ч.1 арт. 293 КК) Фігурантам справы выставілі пазоў на 3 млн рублёў, нагадвае REFORM.by.
Згодна з матэрыяламі справы, Ціханоўскі і іншыя з чэрвеня 2019 года планавалі арганізацыю масавых беспарадкаў падчас выбарчай кампаніі. Як паведамляла Генпракуратура, для дасягнення сваіх мэтаў яны «выкарыстоўвалі сучасныя паліттэхналогіі, каб стварыць у насельніцтва недавер і негатыўнае стаўленне да прадстаўнікоў дзяржаўных органаў», у прыватнасці заклікалі ў Інтэрнэце ўдзельнічаць у незаконных масавых акцыях, праводзілі незаконныя акцыі пад выглядам пікетаў па зборы подпісаў за кандыдатаў.