У Светлагорскім раёне агітатары спрабавалі працаўладкаваць жыхароў, але не атрымалася
У Мікалаеўскім сельсавеце Светлагорскага раёна без афіцыйнай працы жывуць больш за 100 чалавек. Гэта выклікае непаразуменне і ва ўладаў, якія прыехалі туды цэлай камісіяй, і ў мясцовай раёнкі, якая не ацаніла жаданне людзей мець працу з высокім заробкам і каля дома.
Камісія, якая прыехала ў Мікалаеўку, афіцыйна называецца камісіяй па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва Светлагорскага райвыканкама, яе ўзначальвае «спікер» рэгіянальнага савета дэпутатаў Людміла Вялічка, піша «Штодзень».
Праўда, ахапіць усіх 100 беспрацоўных у чыноўнікаў не атрымалася: участковы ўгаварыў прыйсці на пасяджэнне толькі 11. Перад імі і прэзентавалі наяўныя вакансіі.
Як вынікае з рэпартажу «Светлагорскіх навінаў», зацікаўленым працаўладкаваннем аказаўся адзін чалавек. Ён нядаўна вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі (не ўдакладняецца, ці гэта была палітычная справа) і прасіў дазволіць яму працаваць у начныя змены, каб днём рамантаваць дом. Яму адмовілі да моманту, калі яго здымуць з уліку.
Пра астатніх раёнка піша з незадавальненнем: «Кожнаму была прапанавана работа па наяўнай спецыяльнасці на сельгаспрадпрыемствы, аднак большасць з іх знаходзілі мноства «прычын», каб адкласці працаўладкаванне: стан здароўя, згуба дакументаў, магчымасць мець выпадковыя заробкі, аказваючы дапамогу суседзям, сезонныя заробкі — збор грыбоў і ягад. Жадання працаваць адказна і ўвесь час не назіралася: працу ўсе жадалі высокааплатную і паблізу ад дома. А ўзровень адукацыі, кваліфікацыя, вопыт такімі суіскальнікамі ў разлік не прымаюцца».
Такога ж погляду прытрымліваецца і кіраўніца камісіі Вялічка: яна падкрэсліла, што, калі б у людзей было жаданне працаваць, яны б знайшлі куды працаўладкавацца, бо вакансій на рынку працы дастаткова.
Варта дадаць, што ў большасці беларускіх вёсак добрай
працы вельмі мала, а якая ёсць — тая аплочваецца надзвычай нізка, гэта фактычна
праца за капейкі. Таму многія мясцовыя жыхары ісці на такія грошы адмаўляюцца,
а моладзь усё часцей едзе ў гарады за лепшым лёсам. Нягледзячы на тое, што
Лукашэнка шмат гадоў таму абвясціў аб стварэнні праграмы адраджэння сяла, вёскі
ў Беларусі паступова выміраюць. Там закрываюцца школы, амаль няма маладых сем’яў,
а жывуць у асноўным пенсіянеры.