А для мясцовых жыхароў запуск прадпрыемства павінен быў вырашыць праблемы з занятасцю. Адразу пасля адкрыцця на працу былі прынятыя 270 супрацоўнікаў, што вельмі нямала для сельскай мясцовасці.
Аднак, як паведамляе «
Голас Веткаўшчыны», усяго праз год працы стала зразумела, што птушкафабрыка адчувае, скажам так, праблемы з рэнтабельнасцю. У выніку, Савет Міністраў прыняў рашэнне перадаць усе будынкі прадпрыемства з абласной уласнасці ў рэспубліканскую.
«Птушачка» пырхнула з падведамнасці ААТ «Хальч» ва ўпраўленне рэспубліканскага даччынага сельскагаспадарчага унітарнага прадпрыемства «Беларуснафта-Асобіна».
РДСУП «Беларуснафта-Асобіна», што не сакрэт, мае вялікі вопыт і напрацоўкі ў справах курыных і ўзялося за антыкрызісны менеджмент энергічна. Перш за ўсё было абвешчана, што з 270 чалавек, якія працавалі на фабрыцы, працоўныя месцы захаваюць толькі 106. А потым сярод вяскоўцаў і зусім пабег слых, што работнікаў, якіх не хапае, будуць вазіць ажно з Буда-Кашалёўскага раёна, дзе знаходзіцца асноўная база «Беларуснафта - Асобіна».
Чуткі - чуткамі, але людзі цалкам рэальна засталіся без працы і нават абурыліся. 13 лістапада яны сабраліся каля праўлення ў Хальчы. Там высветлілася, што клопат аб працаўладкаванні звольненых цяпер ляжыць на мясцовых уладах і тыя гатовыя зрабіць усё, што могуць, а менавіта: прыкласці ўсе намаганні, каб знайсці працоўныя месцы для кожнага, аддаючы перавагу цяжарным жанчынам і людзям перадпенсійнага ўзросту; абнавіць спіс вакансій і прапанаваць некаторым працу ў вытворчых цэхах мясцовага ААТ «Хальч» — на адзін-два месяцы.
Увогуле, меры будуць прынятыя.
А што да злашчаснай птушкафабрыкі, то — так. Людзей такі з яе звольнілі, ва ўстаноўленым парадку, праз непрацягненне кантрактаў.
Паводле
gomel.today