У амбасадзе ЗША прайшла сустрэча арганізатараў выставы пра Курапаты з грамадскасцю
Вечарам 29 сакавіка ў аддзеле інфармацыі, адукацыі і культуры амбасады ЗША адбылася сустрэча арганізатараў выставы “Праўда пра Курапаты — факты. дакументы. сведчанні” з беларускай грамадскасцю.
На вечарыне
Арганізатары выставы — актывісты грамадзянскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў” і суполка “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў запрасілі ў амбасаду ЗША выбітных прадстаўнікоў айчыннай інтэлігенцыі.
Сярод іх — архітэктары Вадзім Гліннік і Раман Забэла, геадэзіст Мікола Каралёнак, дзякуючы якім на полі паміж Курапатамі і Экспабэлам быў дакладна пазначаны створ гістарычнай “Дарогі смерці” (па гэтаму Шляху Смутку ў 1930-я гады людзей у “чорных варанках” вазілі з Мінска ў Курапаты на расстрэл); журналісты Галіна Абакумчык (Беларуская служба Радыё Свабода) і Генадзь Барбарыч (Беларускае Радыё Рацыя), якія асвятлялі гвалтоўна разагнаную гістарычную акцыю — першае шэсце на Дзяды ў Карапаты 30 кастрычніка 1988 году (пад час яго ўпершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі быў публічна ўзняты бел-чырвона-белы сцяг); фотамастак Георгій Ліхтаровіч, які здымае Курапаты з часоў іх адкрыцця Зянонам Паьняком і Яўгенам Шмыгалёвы і па сёння.
На вечарыну была запрошаная Вера Мацкевіч — праўнучка грамадзяніна ЗША Сільвестра Мацкевіча з вёскі Скібічы ў Драгічынскім раёне Берасцейскай вобласці, якога расстрэльвалі ў Курапатах з кулямёта ў першыя дні германа-савецкай вайны, але не забілі. Спадарыня Вера аднаўляе лёс і вобраз свайго слыннага продка.
У сустрэчы брала ўдзел сям’я даследчыка Курапатаў, журналіста Яўгена Гарэліка — удава Гарэлік Кацярына, дачкі Гарэлік Вольга і Давыдзік Алена, унучкі Ткачова Соф’я і Давыдзік Паліна. Прычым, дачка даследчыка Гарэлік Вольга і яго ўнучка Ткачова Соф’я прыехалі з Ірландыі.
На сустрэчу таксама былі запрошаныя мінчукі, якія не паспелі паглядзець выставу, што ўпершыню дэманстравалася ў сталічным Палацы мастацтва ў лістападзе мінулага году, і выказалі пажаданне пазнаёміцца з экспазіцыяй у любой другой зале Мінска.
Апроч таго, у вечарыне бралі ўдзел жыхары сталіцы і іншых рэгіёнаў краіны. І калі гэтыя людзі звярнуліся да супрацоўнікаў амбасады ЗША пазнаёміцца з экспазіцыяй, іх просьба была задаволена.
Удзельнікаў вечарыны віталі аўтары выставы, а таксама вядомыя беларускія барды Аляксей Галіч і Зміцер Захарэвіч, якія маюць непасрэднае дачыненне да гісторыі Курапатаў. Так, вядомы краязнаўца, педагог і бард Аляксей Галіч арганізуе экскурсіі ў народны мемарыял для сваіх выхаванцаў, а актывіст дэмакратычнага руху, гісторык і бард Зміцер Захарэвіч прымаў удзел у 250-суткавай абароне Курапатаў беларускай моладдзю пад час пашырэння МКАД у 2001-2002 гадах.
Для ўдзельнікаў вечарыны была праведзена экскурсія па выставе. Апроч таго, госці атрымалі адказы на свае пытанні, даведаліся пра перспектывы сумеснай працы экспертаў у абарону Курапатаў з творцамі суполкі “Пагоня”. У сваю чаргу аўтары экспазіцыі выказалі падзяку за мажлівасць дэманстраваць выставу паверанаму ў справах ЗША ў Беларусі Скоту Роланду і супрацоўнікам аддзела інфармацыі. адукацыі і культуры амерыканскай амбасады.
На прыканцы вечарыны яе ўдзельнікі пакінулі свае ўражанні ад выставы ў адмысловай Кнізе водгукаў.
Крыху пазней выстава пачне вандраваць на Беларусі, а восенню пашыраная і паглыбленая экспазіцыя зноў будзе прадстаўлена ў Мінску.