18 снежня 2011 года грамадскія актывісты ўшанавалі памяць лідара моладзевай арганізацыі “ЗУБР Андрэя Зайцава, які ў 2001 годзе, па сведчанні праваабаронцаў і беларускай
грамадскасці, быў даведзены да самагубства лукашэнкаўскімі спецслужбамі. Напярэдадні жалобнага мерапрыемства быў створаны аргкамітэт па ўшанаванні памяці сябра руху супраціву.
Праваабаронцы, паплечнікі, родныя і блізкія Андрэя прычынай самагубства называюць моцны ўціск на яго з боку супрацоўнікаў КДБ. У перадсмяротнай запісцы хлопец зазначыў, што ў яго смерці вінаватыя
беларускія спецслужбы. За некалькі дзён да смерці на Зайцава напалі і моцна збілі невядомыя. І незадоўга да смерці Андрэй перадаў ў Беларускі Хельсінскі камітэт заяву пра спробу яго
завербаваць. Разам з заявай хлопец перадаў і аўдыёкасету з запісам тэлефоннай размовы, дзе супрацоўнік КДБ шантажуе і пагражае Андрэю крымінальным пераследам, а таксама пераследам яго сям’і
— у выпадку, калі той не стане інфарматарам па дзейнасці грамадска-палітычных арганізацый.
Каля 30 чалавек, сярод якіх прадстаўнікі Руху салідарнасці “Разам, “Маладога Фронту, АДС, АГП, гомельскай арганізацыі “Гавары праўду
аддалі даніну памяці і павагі маладзёваму актывісту, усклаўшы на яго магіле вянкі, запаліўшы знічкі, прачытаўшы малітву “Ойча наш.
Каля магілы выступілі Кастусь Жукоўскі, Андрэй Тоўчын, Васіль Палякоў, якія добра ведалі “зуброўца і знаёмы з абставінамі яго смерці. Яны сцвярджаюць, што гэта быў акт давядзення
да самагубства або забойства.
Сябра Руху салідарнасці “Разам Кастусь Жукоўскі адзначыў: “Тое, што адбылося з Андрэем Зайцавым — гэта рэха сталінскіх часоў. Крывавыя справы працягваюцца ў
Беларусі і сёння. Ці было тое самагубствам? Гэта была акцыя, інсцэнаваная спецслужбамі! Грамадскасці вядомы імёны забойцаў, і яны будуць пакараныя.
Дзіўным для праваабаронцаў і грамадскасці з’яўляецца той факт, што пракуратура адмовілася ўзбуджаць крымінальную справу па факце давядзення да самагубства Андрэя Зайцава.
“Нічога не ўказвала на хуткую трагедыю. У той дзень Андрэй быў вясёлы, хадзіў з маці на кірмаш. Людзі, якія збіраюцца скончыць жыццё самагубствам, так сябе не паводзяць. Не было ў яго і той
вяроўкі, на якой ён быў павешаны. Не мог Андрэй скруціць адмысловы прафесійны марскі вузел. Шмат засталося загадак, — кажа гомельскі маладафронтавец Андрэй Цянюта. Ён паведаміў,
што 20 снежня 2011 года спаўняецца 10 гадоў са дня смерці “зуброўца. У гэты дзень у Гомелі адбудзецца ўшанавальная вечарына, прысвечаная памяці Андрэя Зайцава.
Нагадаем, у 1998 годзе беларускі юрыст з Наваполацку Аляксей Філіпчанка здзейсніў акт самаспалення перад будынкам гарадскога суда, пры загадкавых абставінах у 2002 годзе знік віцебскі актывіст Юрый
Корбан, у 2004 годзе была знойдзена забітай журналістка Вераніка Чаркасава, у 2009 годзе да самагубства была даведзена праваабаронца з Салігорску Яна Палякова, у 2010 годзе ў сябе на
лецішчы быў знойдзены павешаным журналіст Алег Бябенін. Усе гэтыя імёны прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці звязваюць з палітычнымі забойствамі.