У Мінску адкрылася выстава польскага фотамастака Лукаша Баксіка “Мацэвы штодзённага ўжытку”

2 лютага ў Мінску, у Нацыянальным гістарычным музеі (НГМ) адкрылася выстава польскага фотамастака Лукаша Баксіка “Мацэвы штодзённага ўжытку. Яе арганізатарамі выступілі варшаўскія Музей гісторыі польскіх яўрэяў (МГПЯ) і Яўрэйскі гістарычны інстытут (ЯГІ), а таксама Інстытут польскі ў Мінску.

У экспазіцыі прадстаўлены 36 фотаздымкаў 2008-2011 гадоў, якія адлюстроўваюць спосабы выкарыстання яўрэйскіх надмагілляў у якасці будаўнічага матэрыялу.



5e62d03aec0d17facfc5355dd90d441c.jpg

2 лютага ў Мінску, у Нацыянальным гістарычным музеі (НГМ) адкрылася выстава польскага фотамастака Лукаша Баксіка “Мацэвы штодзённага ўжытку. Яе арганізатарамі выступілі варшаўскія Музей гісторыі польскіх яўрэяў (МГПЯ) і Яўрэйскі гістарычны інстытут (ЯГІ), а таксама Інстытут польскі ў Мінску.
У экспазіцыі прадстаўлены 36 фотаздымкаў 2008-2011 гадоў, якія адлюстроўваюць спосабы выкарыстання яўрэйскіх надмагілляў у якасці будаўнічага матэрыялу.
Як адзначыў дырэктар НГМ Сяргей Вечар, выстава ўздымае пытанне памяці, самасвядомасці і адказнасці асобы, шукае карані стаўлення сучаснага грамадства да захавання культурнай спадчыны на прыкладзе яўрэйскіх могілак. Паводле яго слоў, праект звяртае ўвагу на тэму актуальную як для палякаў, так і для беларусаў, бо памяць пра яўрэяў незвычайна важная для грамадскай самасвядомасці жыхароў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
Намеснік дырэктара МГПЯ Альберт Станкоўскі паведаміў, што беларускія навукоўцы – дырэктар Музея гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі Іна Герасімава і старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч зрабілі вялікі ўнёсак у рэалізацыю праграмы ЯГІ “Віртуальны штэтл. Станкоўскі ўручыў Герасімавай і Астаповічу дыпломы ганаровых сябраў ЯГІ за стварэнне беларускай версіі парталу “Віртуальны штэтл (www. shtetl.org.pl).

 


Аўтар экспазіцыі Лукаш Баксік адзначыў, што яўрэйскія надмагіллі, аздобленыя сімваламі і надпісамі, нясуць у сабе інфармацыю пра жыццё канкрэтных людзей, сем’яў, цэлых мястэчак. Паводле яго слоў, сёння вельмі складана палічыць, колькі мацэваў было да вайны на 1.200 яўрэйскіх могілках у Польшчы. “Больш за 400 яўрэйскіх могілак не захавалася. Яны былі распрацаваны пад жыллё, спартыўныя пляцоўкі, сметнікі ці кар’еры – пясок з іх, змяшаны з чалавечымі рэшткамі, выкарыстоўваўся для пабудовы жылых дамоў. На 150 могілках можна знайсці толькі крыху больш за 100 надмагілляў. Падчас вайны нямецкія акупанты брукавалі мацэвамі падворкі будынкаў, у якіх жылі, умацоўвалі дарогі, ставілі з іх муры. Пасля вайны гэтую традыцыю працягвалі палякі. Мацэвамі быў выкладзены супрацьпажарны басейн, чыгуначны насып, бераг ракі. З іх рабілі печы, падлогі, бардзюры. У польскіх вёсках можна знайсці сотні тачыльных колаў, зробленых з мацэваў. На іх усё яшчэ бачныя надпісы на іўрыце, – сказаў Баксік.

Лукаш Баксік


Ён адсочвае лёс яўрэйскіх надмагілляў: “У цэнтры маленькага мястэчка я знаходжу па суседству з паліцэйскім участкам, пажарнай службай і касцёлам гаспадарку з кароўнікам, збудаваным з яўрэйскіх мацэваў. Я сутыкаюся з каталіцкімі надмагільнымі плітамі, з якіх хтосьці забыўся сцерці яўрэйскія літары. Я размаўляю з людзьмі, якія  ведаюць, што маюць на сваіх падворках, – яны не бачаць у гэтым нічога дрэннага. Адкрываю гісторыю сям’і, раскіданай па свеце, якой адна мацэва дапамагла знайсціся праз пяцьдзесят гадоў пасля Халакоста.

Альберт Станкоўскі


Выстава для фотамастака – толькі пачатак вялікага праекта: ён хоча знайсці мацэвы і вярнуць іх на яўрэйскія могілкі.
Пасля адкрыцця выставы адбылася дыскусія.
У 2010 годзе выстава дэманстраваліся ў цэнтры сучаснага мастацтва “Замак Уяздоўскі (Варшава), а ў мінулым годдзе – ў Этнаграфічным музеі (Кракаў) у час Фестывалю габрэйскай культуры.
Лукаша Баксіка (1975) у асноўным цікавіць дакументальная і сацыяльная фатаграфія. Аўтар экспанаванай ў 2005 годзе выставы “Другая страва па-польску, якая распавядала пра выкарыстанне выявы Караля Вайтылы і паклала пачатак крытычнай калекцыі “папаліяў, сувеніраў і гаджэтаў з выявай Яна Паўла ІІ, частка з іх стала элементамі інсталяцый, што рыхтуюцца да экспазіцыі.