
Як распавяла каардынатар аргкамітэту БХД па Магілёўскай вобласці Таісія Кабанчук, ціску падвяргаюцца перадусім новыя людзі, якія раней не былі сярод заснавальнікаў БХД. Пра гэта паведамляе прэсс-служба БХД.
«Тых, хто некалькі разоў ужо быў заснавальнікам, не чапаюць», — адзначыла яна.
Так, на працу да заснавальніцы з вёскі Дзмітраўка прыехалі чыноўнікі з Клічава і Магілёва, якія выгналі з кабінету іншых супрацоўнікаў і фактычна ўчынілі ёй допыт. Жанчыну распытвалі, ці ставіла яна подпіс за заснаванне БХД; ці ведае і, калі так, то адкуль каардынатара БХД; колькі ёй заплацілі грошаў за подпіс. Таксама яны спрабавалі дыскрэдытаваць БХД, саму ідэю хрысціянскай дэмакратыі і кіраўніцтва аргкамітэту.
Апроч таго, прадстаўнікі ўладаў з падобнымі пытаннямі тэлефанавалі яшчэ аднаму заснавальніку і прыязджалі дадому да заснавальніцы, якая зараз знаходзіцца на пенсіі.
БХД спрабавалі зарэгістраваць у якасці партыі пяць разоў. Першы ўстаноўчы з’езд адбыўся ў 2009 годзе. У чэрвені 2015 года ладзіўся чарговы ўстаноўчы з'езд, каб партыя атрымала афіцыйную рэгістрацыю.