У Мінску ўшанавалі памяць ахвяраў Другой сусветнай вайны

1 верасня, у 75-ю гадавіну пачатку Другой сусветнай вайны, якая ўнесла жыцці дзясяткаў мільёнаў чалавек, з ініцыятывы Руху салідарнасці «Разам» у Мінску адбылася акцыя ўшанавання ахвяраў вайны.



Каля 20 грамадскіх актывістаў усклалі кветкі да мемарыялу вызваліцелям Мінска ад гітлераўцаў, магілаў класікаў нацыянальнай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, ушанавалі іх памяць хвілінай маўяання, праспавялі беларускі духоўны гімн “Магутны Божа”.

Як адзначыў кінадраматург Уладзімір Халіп, менавіта 1 верасня 1939 году ў 4 гадзіны 45 хвілін нямецкі вучэбны браненосец “Шлезвіг-Гальштынія” абстраляў польскую паўвыспу на беразе Балтыкі Вестэрпляте і высадзіў дэсант. “Шмат каму здавалася, што гэтая чужая вайна, якая хутка скончыцца. Сярод абаронцаў Вестэрпляте было шмат беларусаў, у тым ліку родны дзядзька маёй жонкі — шараговец і выдатны беларускі пісьменнік Янка Брыль — падхарунжы батальёна марской пяхоты”, — сказаў спадар Уладзімір.

Ён нагадаў, што вайна прынесла Беларусі вялікія страты, выкліканыя сталінскімі рэпрэсіямі пасля захопу Заходняй Беларусі, а таксама ваеннымі дзеяннямі, у якіх беларусы замагаліся на розных франтах супраць нацыстаў, а часам і па розныя бакі фронту. На вялікі жаль, іх безымянныя магілы да гэтай пары раскіданыя па ўсяму свету. А героі-беларусы, якія змагаліся на Заходным фронце супраць нацыстаў, у Савецкім Саюзе пасля перамогі былі не прызнанымі за ўдзельнікаў вайны, у тым ліку героі Вестэрплятэ, штурму кляштару Монтэ-Касіна ў Італіі і дэсантнай аперацыі “Аверлорд” у францускай Нармандыі.

Саветы палічылі ворагамі народа і тых сумленных беларусаў, хто ва ўмовах акупацыі вучыў беларускіх дзяцей роднай мове, сапраўднай гісторыі і традыцыйнай культуры свайго народа. Усе краіны — удзельнікі антыгітлераўскай кааліцыі атрымалі нейкія дадаткі да сваёй тэрыторыі, а Беларусь — адзіная з кран, што змагаліся супраць нацыстаў, панесла тэрытарыяльныя страты, падкрэсліў Уладзімір Халіп.

На  ягоную думку, беларусы могуць спадзявацца ў гэтым свеце толькі на саміх сябе, на сваю слаўную гісторыю, на сваіх бацькоў і дзядоў, якія замагаліся за гэтую зямлю і заплацілі за яе сваёю крывёю і жыццём, на сваё яднанне, на сваю супольнасць, на сваю мужнасць, а не на Расію, якая ў чарговы раз паказала ўсяму свету на Украіне сваю імперскую крыважэрную захопніцкую сутнасць.

Толькі тыя людзі, якія не адмаўляюцца ад сваёй мовы, гісторыі і культуры, але шануюць іх, могуць звацца народам і прэтэндаваць на тое, каб у іх была самастойная незалежная краіна, паўнавартасная нацыя і шчаслівая будучыня, падкрэсліў Уладзімір Халіп. Ён выказаў спадзяванне, што беларусам хопіць развагі, розуму і мужнасці ацаніць ўсё тое, што сёння адбываецца ў свеце, каб трымацца за сваю зямлю і за яе мяжы, а ў цяжкі час, калі такі час, крый Божа, прыдзе, стаць на абарону сваёй Бацькаўшчыны.   

         

У сваю чаргу намеснік старшыні Руху салідарнасці “Разам” Алесь Макаеў правёў паралелі паміж Другой сусветнай вайны і сучаснымі падзеямі ва Украіне, параўнаўшы дзеянні Расіі з дзеяннямі гітлераўскай Нямеччыны.