Пасяджэнне кантактнай групы па Украіне пройдзе 1 верасня ў Мінску

Пасяджэнне кантактнай групы па Украіне пройдзе ў Мінску 1 верасня, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.



negotiations_table.jpg

Паводле яго слоў, месца, час правядзення сусрэчы, а таксама склад удзельнікаў пасяджэння будуць паведамлены дадаткова. 
Нагадаем, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка 26 жніўня ў Мінску на саміце ў фармаце Мытны саюз — Украіна — Еўрасаюз прапанаваў праводзіць рэгулярныя сустрэчы групы ў Мінску. 
Ініцыятыва аб рабоце па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне ў межах кантактнай групы была вылучана яшчэ ў лютым гэтага года, яе першае пасяджэнне адбылося ў Данецку ў пачатку чэрвеня. 
Другое пасяджэнне кантактнай групы адбылося 31 ліпеня ў Мінску. У ім узялі ўдзел экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, пасол РФ ва Украіне Міхаіл Зурабаў, афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні, а таксама прадстаўнікі кіраўніцтва самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі. 
Наступнае пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы ў фармаце Украіна — Расія — АБСЕ адбылося 11 жніўня, на ім абмяркоўваліся лагістычныя аспекты дастаўкі гуманітарнай дапамогі на паўднёвы ўсход Украіны.
БелаПАН