Заява-зварот і акцыя Руху «За Свабоду» з нагоды Дня ведаў

Рух «За Свабоду» ў Дзень ведаў звярнуўся да школьнікаў і студэнтаў, а таксама іхніх бацькоў і выкладчыкаў з віншаваннямі і заклікам навучаць і навучацца па-беларуску. Апрача гэтага, арганізацыя падрыхтавала для шэрагу беларускамоўных класаў у школах і групаў у дзіцячых садках падарункі, якія спатрэбяцца пры вывучэнні беларускай мовы і гісторыі нашай краіны. У звароце арганізацыі адзначана, што менавіта беларускасць — падмурак нацыянальнай бяспекі і незалежнасці.



dzienj_viedau.jpg

Рух “За Свабоду” пажадаў дзецям і падлеткам назапашваць веды і атрымліваць добрыя адзанкі, а студэнтам-бюджэтнікам — яшчэ і павелічэння стыпендый, а таксама скасавання размеркавання. “Інакш бясплатная адукацыя — гэта пусты гук!”, — адзначана ў звароце.

Студэнтам-платнікам назычана высокіх балаў, адпаведных ведам, каб іхнія бацькі “разумелі, за што яны плацяць вялізныя грошы”.

Беларускія сем'і часта не могуць сабе дазволіць вучыць дзяцей за грошы, кажуць у Руху “За Свабоду”. Арганізацыя прапануе стварыць Фонд будучых пакаленняў, які будзе напаўняцца, сярод іншага, з прыватызацыйных грошай: “Гэты фонд стане асновай сістэмы "Дзіцячага капіталу" краіны. У выніку навучальныя ўстановы будуць атрымліваць належныя грошы за сваю працу. А бацькі ў той самы час будуць гарантавана мець сродкі на навучанне дзяцей ад моманту іх нараджэння”.

Школьным настаўнікам і выкладчыкам ВНУ у Дзень ведаў Рух пажадаў годных заробкаў, мінімальных праверак і справаздачаў, а таксама знікнення прыкрай патрэбы працаваць не на адну стаўку: “Мы павінны аднавіць прэстыж прафесіі педагога. Пазіцыя Руху “За Свабоду” па рэформе ў сферы адукацыі выкладзена ў “Народнай праграме”. Напрыклад, што тычыцца немалаважнага матэрыяльнага боку: узровень аплаты працы настаўніка ў пачатковай і сярэдняй школе мусіць быць даведзены да памеру 120-130% ад сярэдняга заробку ў дадзенай мясцовасці”.

У звароце Руху “За Свабоду” з нагоды Дня ведаў гаворыцца, што настаўнікі “павінны быць пазбаўленыя няпрофільных абавязкаў – ад папяровай бюракратыі да забеспячэння “элегантных” вынікаў на выбарах”. Разам з тым адзначаецца, што апошняе залежыць у тым ліку ад вас саміх: “Той, хто выхоўвае з маладога пакалення не толькі разумнікаў і разумніц, але і грамадзян, найперш сам павінен быць прыстойным, калі не ўзорным грамадзянінам”.

Дарэчы, усе згаданыя праблемныя пытанні абмяркоўваюцца цяпер на арганізаваных Рухам “За Свабоду”, а таксама партнёрскімі партыямі і арганізацыямі грамадскіх слуханнях у межах ініцыятывы “Народны рэферэндум”. Тэма слуханняў — “Як зрабіць адукацыю якаснай і даступнай?”. Наступныя пройдуць 5 верасня ў Гомелі.

У звароце да бацькоў рухаўцы падкрэсліваюць, што “дзіцячы садок, школа, універсітэт – гэта далёка не ўсё”, бо “багата што залежыць ад сям’і!”

Рух “За Свабоду” заклікаў школьнікаў і студэнтаў, перадусім іхніх бацькоў і выкладчыкаў, а таксама работнікаў Міністэрства адукацыі адукоўвацца і адукоўваць па-беларуску:

“Могуць быць веды прыярытэтныя — скажам, матэматыка, а ёсць веды, якія павінны быць і прыярытэтнымі, і натуральнымі. Гэта — родная мова, гісторыя нашай краіны.

Падмурак нацыянальнай бяспекі і незалежнасці — не шматлікасць насельніцтва Беларусі, не магчымасць спажываць чарку і скварку на некалькіх сотках, а гэта і працавітасць, і адукаванасць, і — абавязкова — нацыянальная самаідэнтыфікацыя. Без патрыятызму і беларускасці мы — не нацыя, а ўсяго толькі прыдатак расійскай неаімперыі ў выглядзе жывой працоўнай і буферна-вайсковай сілы”.

Паколькі беларускамоўная адукацыя ў нашай краіне працягвае мізарнець, Рух “За Свабоду” вырашыў падтрымаць тых бацькоў і дзетак, якія трымаюцца беларускасці ў дзіцячых садках і школах. Для шэрагу нешматлікіх беларускамоўных класаў і груп у розных рэгіёнах краіны былі падрыхтаваныя падарункі, якія прыдадуцца для вывучэння беларускай мовы і гісторыі (кнігі, чытанкі, настольныя гульні, забаўкі “Зрабі сам”, навучальныя аўдыёдыскі, сшыткі і альбомы для малявання).

pyx.by