У надзвычайным рэжыме

Вядома, што нікому з бестэрміновых сучасных прэзідэнтаў не падабаецца тое, што здарылася ў Егіпце, Тунісе ды мае намер працягнуцца ў іншых краінах.



4ee78d4122ef8503fe01cdad3e9ea4ee.jpg

Вядома, што нікому з бестэрміновых сучасных прэзідэнтаў не падабаецца тое, што здарылася ў Егіпце, Тунісе ды мае намер працягнуцца ў іншых краінах.
Прыкладам, яшчэ колькі гадоў таму існаваў нейкі бізнэс-план па аб’яднанню Беларусі з Сербіяй, а крыху пазней — з Лівійскай Джамахірыяй. Што тычыцца Мілошавіча, тут усё зразумела. Ён паўстаў на шляху мадэрнізацыі калісьці самай свабоднай сацыялістычнай краіны свету. За гэта, а яшчэ за сто мільёнаў, якія спатрэбіліся новаму сербскаму ўраду, яго і аддалі ў рукі правасуддзя. Яго ажыццявіла — так ужо атрымалася — звычайная жанчына з альпійскай швейцарскай дробнабуржуазнай сям’і, у якой вышэйшым жыццёвым прынцыпам было патрабаванне жыць так, каб не замінаць іншым людзям.
Звалі яе, як многія памятаюць, Карла дэль Понтэ. Гэта жанчына (зноў жа амаль выпадкова) стала пракурорам Міжнароднага трыбунала па былой Югаславіі — толькі таму, што Швейцарыя ёсць абсалютна нейтральнай краінай. Яна не ўваходзіць ні ў NАТO, ні ў Еўрасаюз, ні нават у ААН. Расія і Кітай не хацелі, каб абвінаваўцам быў прадстаўнік NАТO, крый Божа, ЗША. А кіраўніцтва Швейцарыі бачыла ў гэтым прызначэнні магчымасць падняць міжнародны аўтарытэт сваёй краіны. Маўляў, мы заўжды застаёмся ў баку. А тут такая зручная нагода. Жанчына, якая да гэтага займала пасаду генеральнага пракурора Швейцарыі і змагалася з мафіяй, пагадзілася.
Гэта спачатку задаволіла ўсе бакі. Пасля ўжо ніхто ніякага задавальнення не выказваў. Нават швейцарскія ўлады. Адкуль каму было ведаць, што настроі гэтай шараговай мяшчаначкі, якая стала пракурорам, вызначае памкненне пакончыць з беспакаранасцю, якая так доўга дазваляла моцным гэтага свету чыніць беды мільёнам і мільёнам людзей. Ад уласнікаў дробных крамак, змушаных штотыдзень плаціць рэкецірам за «крышу», да бедных ізгояў, выгнаных салдатамі са свайго жытла, згвалтаваных, абрабаваных або знішчаных. Дарэчы, шыкоўная кніга былога пракурора, якая (цытую анонсы) «адкрыла свету вочы на вайну ў Югаславіі, падала шакуючыя факты пра падзеі ў Сербіі і Албаніі, выклала скандальныя разаблачэнні прадстаўнікоў ААН, якія тармазілі ажыццяўленне правасуддзя», пабачыла свет толькі праз пяць гадоў пасля адстаўкі аўтаркі з ганаровай пасады.
Але размова пра тое, чым усё заканчваецца. Звычайная мафія мае мэтай пранікненне ў органы дзяржкіравання для атрымання лёгкага доступу да дзяржаўных рэсурсаў. Ёсць і адваротны шлях — група людзей, якая ад імя народа ажыццяўляе кантроль над рэсурсамі, фактычна карыстаецца імі як сваімі ўласнымі. А гэта і ёсць атрыбутам палітычнай мафіі. Дзейнічае яна па прынцыпе, дасціпна вызначаным колішнім іспанскім дыктатарам Франка: «Сябрам — усё, астатнім — закон». Прычым закон належным чынам адаптаваны.
Прыкладам, у Беларусі ёсць закон аб надзвычайным становішчы, згодна якому прэзідэнт мае права ўводзіць і ажыццяўляць адмысловыя меры і метады па ўсёй краіне або на асобных яе тэрыторыях. Прыкладам, абмяжоўваць свабоду прэсы, дзейнасць палітычных партый і грамадскіх арганізацый, што і ажыццяўляецца адпаведнымі дзяржаўнымі інстытутамі.
Але надзвычайнае становішча ніколі не ўводзілася на самай справе. Не было ў тым пільнай патрэбы. Тым не менш, ужо 16 гадоў запар (пачынаючы з забароны друкаваць антыкарупцыйны даклад Антончыка) пастаянна практыкуюцца абмежаванні правоў і свабодаў грамадзян, палітычных партый, арганізацый, СМІ, быццам краіна жыве ва ўмовах надзвычайнага становішча.
Адзначым вельмі характэрную дэталь: у адносінах да дзяржаўных СМІ фактычна практыкуецца папярэдняя цэнзура. Акрамя таго, фактычна кіраўніцтва дзяржавы змушае праваабарончыя органы займацца палітычным вышукам супраць сваіх палітычных апанентаў. Часам здаецца, што кіраўніцтва пачувала б сябе больш камфортна, калі б у краіне існавалі радыкальныя групоўкі. Каб аднойчы ўзяцца і ўсіх «замачыць».
Гэта вельмі дрэнна. Як адзначаў класік, калі стрэльба вісіць на сцяне, яна павінна стрэліць. З той простай, але прынцыповай нагоды, што яна — стрэльба. Іншыя «феномены и ноумены» не ствараюць выключэнняў. Прыкладам, пры абсалютызме ўлада манарха не падлягае ніякай рэвізіі. Яна з’яўляецца атрыбутам дынастыі, а дынастыя — атрыбутам дзяржавы. У абмежаванай манархіі, караля ці каго іншага могуць і «звольніць» з пасады за неэтычныя паводзіны. А прэзідэнтаў абавязкова пераабіраюць. Бо гэта цалкам адпавядае сутнасці пасады, якую яны займаюць.
Калі ж гэта немагчыма, страляе стрэльба. А потым прыходзіць Карла дэль Понтэ.
Каму ж гэта спадабаецца.