У праваабаронцаў ёсць пытанні
Праваабаронцы звярнуліся да генеральнага пракурора Рыгора Васілевіча з адкрытым лістом, у якім патрабуюць вызваліць палітвязняў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенку, а таксама надаць галоснаcць ходу расследавання.
Праваабаронцы звярнуліся да генеральнага пракурора Рыгора Васілевіча з адкрытым лістом, у якім патрабуюць вызваліць палітвязняў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенку, а
таксама надаць галоснаcць ходу расследавання.
З моманту затрымання жыхароў Ваўкавыска прайшло два месяцы, нядаўна следства было падоўжана яшчэ на адзін месяц — да 8 мая. Старшыня грамадскага аб’яднання «Прававая
дапамога насельніцтву» Алег Волчак і старшыня арганізацыйнага камітэта па стварэнню рэспубліканскага грамадскага аб’яднання ветэранаў баявых дзеянняў «Абаронцы
айчыны» Аляксандр Камароўскі ў адкрытым лісце звяртаюць увагу на тое, што інфармацыя пра ход расследавання справы, па якой былі затрыманыя Аўтуховіч, Лявонаў і Асіпенка, амаль
адсутнічае.
«Мы ні ў якім разе не спрабуем умешвацца ў ход следства. Аднак даступная інфармацыя па справе выклікае шэраг сур’ёзных пытанняў», — гаворыцца ў лісце. Падпісанты
ліста адзначаюць, што ваўкавыскія прадпрымальнікі абвінавачваюцца па артыкуле 218 Крымінальнага кодэкса ў падпале дома, які належаў былому начальніка Ваўкавыскага РАУС Кацубе і гаража супрацоўніка
падатковай службы Мандзіка. Падпалы былі здзейсненыя ў 2005 годзе і справы былі расследаваны, «страты выплачаны, вінаватыя адбываюць пакаранне». Пацярпелыя ніякіх прэтэнзій да
прадпрымальнікаў не маюць і заяў не пісалі. «Я гэтага Лявонава ў вочы не бачыў... Мне гэты бруд не патрэбны», — цытуюцца словы Кацубы. Аўтуховіча таксама абвінавачваюць у
стварэнні злачыннай групы ў ліпені 2007 года, якая, па версіі абвінавачвання, і здзейсніла падпалы ў 2005-м. Юрыю Лявонаву і Уладзіміру Асіпенку тыя ж дзеянні прад’яўляюцца не ў складзе
групы. У ліпені 2007 года Мікалай Аўтуховіч знаходзіўся ў месцах пазбаўлення волі.
На афіцыйным сайце МУС 9 лютага была размешчаная інфармацыя пра затрыманні ў Ваўкавыску, без указання імёнаў, але зразумела, што гаворка ідзе пра затрыманых М. Аўтуховіча, Ю. Лявонава і У. Асіпенку.
Там гаворыцца, што «яны падазраюцца ў здзяйсненні шэрагу цяжкіх злачынстваў, у тым ліку наўмысных падпалах і падрыву маёмасці, якая належыць службовым асобам Ваўкавыскага раёна, незаконным
захоўванні выбуховых рэчываў і агнястрэльнай зброі…»
«Афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі таксама падтрымліваюць «меркаванне», што абвінавачваныя захоўвалі выбуховыя рэчывы і зброя. Пры ператрусах ні зброі, ні выбуховых
рэчываў знойдзена не было. І вы, і мы, і любы грамадзянін нашай краіны, выдатна ведаем, што нават адной адзінкі зброі досыць для прад’яўлення абвінавачвання ў незаконным захоўванні. Аднак М.
Аўтуховічу, Ю. Лявонаву і У. Асіпенку такое абвінавачванне прад’яўлена не было — паколькі нічога знойдзена не было, — падкрэсліваюць аўтары ліста. — Ствараецца
ўражанне, што М. Аўтуховіч, Ю. Лявонаў і У. Асіпенка былі арыштаваныя без дастатковых на тое падстаў, паспешліва, па надуманым абвінавачванні ў падпале, і зараз ім спрабуюць інкрымінаваць хоць
што-небудзь. Для гэтага і падаўжаецца следства і праз сродкі масавай інфармацыі гавораць пра цяжкасць злачынстваў — выбуховых рэчывах і зброі, нібыта знойдзеных у абвінавачваных, або
звязаных з імі».
«Усё гэта выклікае пытанні і спараджае чуткі пра тое, што насамрэч грамадзяне Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Уладзімір Асіпенка затрыманыя па палітычных матывах, — адзначаюць
Алег Волчак і Аляксандр Камароўскі. — У прыватнасці, Мікалай Аўтуховіч за тое, што падпісаў адкрыты ліст прэзідэнту А. Лукашэнку, адмовіўшыся ад медалёў, прымеркаваных да 20-годдзя вываду
Савецкіх войскаў з Афганістана, а таксама быў адным з удзельнікаў арганізацыйнага камітэта па стварэнні Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання ветэранаў баявых дзеянняў «Абаронцы
айчыны». Выказваюцца і іншыя версіі, ніяк не звязаныя з крымінальным кодэксам».
Падпісанты ліста да генпракурора лічаць, што сітуацыя, якая склалася з названымі вязнямі, падрывае аўтарытэт і павагу да праваахоўных органаў. Відавочныя нестыкоўкі абвінавачвання, на жаль, ніяк не
падвышаюць і давер да супрацоўнікаў гэтых органаў, а маўчанне і падаўжэнне следства толькі ўзмацняюць падазрэнні ў незаконным арышце. У сувязі з названымі акалічнасцямі справы Волчак і Камароўскі
просяць праверыць законнасць арышту Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзімера Асіпенкі, а таксама разгледзець магчымасць замяніць арышт на падпіску аб нявыездзе. Аўтары ліста гатовыя ўзяць
ваўкавыскіх вязняў на парукі пад сваю адказнасць.
Апошнімі днямі стала вядома, што па справе Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі быў затрыманы слесар кампаніі «Сціф-Транс» Віктар Макуць. У доме і гаспадарчых пабудовах Макуця правялі
ператрус. У павеці міліцыянты знайшлі некалькі паляўнічых патронаў. Фірма «Сціф-Транс» займаецца грузаперавозкамі і арандавала памяшканне там жа, дзе працаваў Мікалай Аўтуховіч.
Макуця ўжо дапытвалі па гэтай справе 8 лютага, цяпер супрацоўнікі праваахоўных органаў заявілі, што Макуць мае нейкую інфармацыю па следстве, цяпер ён знаходзіцца ў Мінску ў
спецпрыёмніку-размеркавальніку на Акрэсціна.