Удзельніцы «пікету ў лесе са скандынаўскімі палкамі» падалі ў суд на РАУС. Чым скончыўся працэс?
Шэсць жанчын, якіх затрымалі 13 студзеня на прагулцы са скандынаўскімі палкамі ў лесе пад Віцебскам, падалі пазовы ў суд на незаконныя, на іх думку, дзеянні супрацоўнікаў Першамайскага РАУС.
12 сакавіка справу разгледзеў суд Першамайскага раёну Віцебску. Вердыкт: скаргі ўсіх жанчын адхіленыя, паведамляе «Радыё Рацыя».
Пазовы на Першамайскі РАУС падалі Таццяна Севярынец, Людміла Валадкевіч, Тамара Ільіна, Людміла Камінская, Алена Коснава, Раіса Кухто.
Пасля затрымання раніцай 13 студзеня ўсіх жанчын да вечара трымалі ў РАУС, па іх словах, без ежы. Затым чацвярых — Валадкевіч, Камінскую, Коснаву, Кухто — адправілі ў ІЧУ, яны там знаходзіліся суткі да суда. Севярынец хацелі судзіць ўвечары 13 студзеня, але было ўжо позна для пасяджэння, і яе адпусцілі дадому. Ільіной стала дрэнна, і яе адвезлі ў бальніцу.
Грамадзянскую справу разглядала суддзя Жанна Васільева.
— Мы падалі пазовы, каб суд прызнаў незаконным наша затрыманне, адпраўку ў ІЧУ і ўмовы ўтрымання там. Мы не патрабавалі ні маральнай, ні матэрыяльнай кампенсацыі. Хоць адна з нас — Тамара Ільіна — пасля затрымання была шпіталізаваная на 10 дзён — патлумачыла Таццяна Севярынец.
За дзеянні супрацоўнікаў Першамайскага РАУС на судзе адказваў намеснік начальніка, падпалкоўнік Іван Доўгі. Ён выслухаў прэтэнзіі жанчын, не задаўшы ім ніводнага пытання. І коратка патлумачыў: міліцыя ўсё зрабіла правільна, закон дазваляе трымаць людзей у ІЧУ да 72 гадзін, калі іх падазраюць у правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Пра ўмовы ўтрымання ў ізалятары пажылых жанчын ён не сказаў ні слова.
Суддзя Жанна Васільева падтрымала пазіцыю прадстаўніка МУС. Яна адхіліла ўсе 6 скаргаў і абавязала кожную заяўніцу аплаціць судовыя выдаткі — па 4 рублі 85 капеек.
Гэта быў першы выпадак у Віцебску, калі затрыманыя па артыкуле 23.34 КаАП вырашылі адстаяць сваё права на цывілізаванае стаўленне да сябе з боку міліцыі.
Што адбылося?
Раніцай 13 студзеня ў прыгарадным лесе сабралася кампанія жанчын: Таццяна Севярынец, Людміла Камінская, Людміла Валадкевіч, Алена Коснава, Тамара Ільіна і Раіса Кухто. Таццяна Севярынец хацела правесці для іх майстар-клас па скандынаўскай хадзе. Аднак іх затрымалі 12 супрацоўнікаў міліцыі.
Жанчын даставілі ў Першамайскі РАУС. На ўсіх склалі пратаколы па артыкуле 23.34 КаАП і абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце «з бел-чырвона-белым палотнішчам».
19 і 20 студзеня суддзі Вераніка Барысава і Уладзімір Царыкаў спынілі ў дачыненні да жанчын справы за недаказанасцю віны.
Але пракуратура апратэставала ў абласны суд рашэнні судоў Першамайскага і Кастрычніцкага раёнаў Віцебска.
«Выснова аб недаказанасці віны названых асоб у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння была зробленая заўчасна, без належнага расследавання абставінаў правапарушэння», — гаварылася ў пратэсце пракуратуры.
10 лютага суддзя Віцебскага абласнога суду Святлана Іванова і Ірына Смалякова адхілілі пратэсты гарадской пракуратуры. Рашэнне датычыцца ўсіх шасці жанчын, якія былі фігуранткамі гэтай нашумелай на ўсю краіну адміністрацыйнай справы.
Паводле tut.by