Удзельніцы «пікета са скандынаўскімі палкамі» падалі ў суд на міліцыю
У судзе Першамайскага раёна Віцебска адбыўся працэс, ініцыяваны шасцю жанчынамі, якіх затрымалі ў лесе пад Віцебскам 13 студзеня. Жанчыны выйшлі папрактыкавацца ў скандынаўскай хадзе, але міліцыянты іх затрымалі нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. 8 гадзін іх трымалі ў пастарунку без ежы і магчымасці прыняць лекі — нягледзячы на тое, што чацвёра затрыманых жанчын ужо ў сталым веку. А пасля накіравалі на ноч да суда ў ізалятар часовага ўтрымання.
Суд не знайшоў доказаў правапарушэння, і жанчыны падалі ў суд заявы на незаконныя дзеянні міліцыянтаў, распавяла Таццяна Севярынец, адна з удзельніц хады са скандынаўскімі палкамі:
—За наша затрыманне, умовы ўтрымання, накіраванне ў ІЧУ. Мы патрабавалі прызнаць гэта незаконным. Толькі прызнаць! Мы не патрабавалі аніякіх маральных ці матэрыяльных кампенсацый. Хаця Тамара Ільіна, прыкладам, на 10 дзён трапіла ў лякарню.
За дзеянні сваіх падначаленых у судзе адказваў намеснік начальніка аддзела міліцыі Першамайскага раёна падпалкоўнік Іван Доўгі.
Ён моўчкі выслухаў прэтэнзіі жанчын, не задаўшы аніводнага пытання. І вельмі каротка патлумачыў уласную пазіцыю: маўляў, міліцыянты ўсё рабілі слушна. Бо заканадаўства дазваляе ўтрымліваць людзей за кратамі да суду на працягу 72-х гадзін, калі гэтых людзей падазраюць у правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Пра ўмовы ўтрымання сталых жанчын падпалкоўнік не сказаў ні слова.
Суддзя Жанна Васільева падтрымала яго пазіцыю: адхіліла ўсе 6 скарг і ўсклала на заяўніц абавязак заплаціць судовыя выдаткі — па 4 рублі 85 капеек з кожнай.
На думку Раісы Кухто, якая беспадстаўна правяла пад вартай больш за суткі, такі вынік суда быў прадказальны, але падпалкоўніку міліцыі ўсё адно было сорамна:
— Я думаю, што ўсё было вырашана загадзя. Бо я назіраю за іншымі судамі, і там усё тое самае. Але я думаю, што яму было няёмка. Бо ў кожнага ёсць такі крытэр — сумленне. Я думаю, што яму было дрэнна.
Жанчыны не выйгралі суд, але гэта быў першы ў Віцебску выпадак, калі затрыманыя людзі вырашылі адстойваць свае правы на цывілізаванае стаўленне да сябе з боку міліцыянтаў.
racyja.com