Судзяць затрыманых падчас «хапуна» ў «Лебядзіным» — 25 і 30 сутак ды штрафы да 5220 рублёў
Увечары 10 сакавіка у «Лебядзіным» было затрымана не менш за 12 чалавек. Сярод затрыманых ёсць і маладыя мамы, якіх пакінулі да суда ў ІЧУ, хоць, згодна з новым КаАП, маці непаўналетніх дзяцей не павінны ўтрымліваць у РУУС тэрмінам больш за 3 гадзіны. Аднак гэтую ноч жанчыны правялі на Акрэсціна, паведамляе тэлеграм-канал «"Вясна" назірае».
Усіх затрыманых даставілі ў Цэнтральны РУУС. На некаторых, акрамя арт. 24.23 КаАП, склалі пратаколы і за непадпарадкаванне па арт. 24.3 КаАП.
Сёння, 11 сакавіка, распачаліся суды над затрыманымі.
Суддзя Дзмітрый Карсюк разгледзеў справы трох мужчын, на якіх склалі адразу па два пратаколы. Усім ставіцца ў віну пікетаванне на вул. Пераможцаў, 125 каля 20.30. Паводле пратаколаў, у прамежку з 20:40 да 20:50 яны паспелі аказаць непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі на тэрыторыі РУУС. Усе хадайніцтвы затрыманых суддзя Карсюк адхіліў.
Падчас суда над затрыманым Максімам Халецкім быў дапытаны сведка-міліцыянт:
— Халецкі аказваў непадпарадкаванне?
— Не.
— У матэрыялах справы ёсць ваш рапарт аб яго непадпарадкаванні.
— Так.
— Так было ці не?
— Было.
Максім Халецкі і Аляксандр Андрэеў па рашэнні суддзі Карсюка будуць адбываць 25-сутачны арышт. Дзмітрый Дубовік атрымаў аж 30 сутак адміністрацыйнага арышту.
Жанчынам жа, якіх пакінулі да суда ў ІЧУ, прысудзілі штрафы. 5220 і 1450 рублёў — такія штрафы па новым кодэксе атрымалі мамы непаўналетніх дзяцей Алена Малыш і Вера Андрыеўская, якіх у парушэнне закона ноч пратрымалі ў ізалятары. Жанчын мусілі вызваліць яшчэ ўчора ўвечары, але іх пакінулі да суда ў ізалятары. Выходзіць, што новы кодэкс выконваецца толькі ў частцы пакарання.
45-гадовую Алену Малыш, маці траіх дзяцей, суддзя Вікторыя Шабуня аштрафавала на 1450 рублёў (50 базавых).
Суддзя ж Карсюк аштрафаваў Веру Андрыеўскую паводле арт. 24.23 і 24.3 КаАП на 5220 рублёў — 180 базавых велічынь.