У Брэсце на 3-4,5 гады калоніі асудзілі дзевяцярых чалавек па справе аб масавых беспарадках 10 жніўня
У судзе Маскоўскага раёна Брэста 10 сакавіка агучылі прысуд па справе аб масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса) 10 жніўня на вуліцах абласнога цэнтра. Суддзя Вера Філонік асудзіла адразу дзевяцярых чалавек на тэрміны ад 3 да 4,5 гадоў калоніі — менавіта такое пакаранне прасілі пракуроры, піша «Вясна».
Сярод асуджаных — палітзняволеныя бацька і сын, таксіст, студэнт, школьнік і іншыя. Дваіх непаўнагадовых асуджаных узялі пад варту ў залі суда. На абвяшчэнне прысуду па беспарадках не патрапілі каля 20 чалавек. Пацярпелымі па справе прызнаныя 29 чалавек, большасць з іх — міліцыянты, шкоду ацанілі ў 27 тысяч беларускіх рублёў.
Як піша тэлеграм-канал брэсцкай «Вясны», суддзя палічыла, што віна ўсіх абвінавачаных ва ўдзеле ў масавых беспарадках 10 жніўня па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса даказаная, і прызначыла наступныя тэрміны:
палітзняволены таксіст Цімур Рызапур — 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;палітзняволены Аляксандр Драздоў — 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;палітзняволены студэнт Ілля Мігно — 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;палітзняволеныя сын і бацька Ягор і Віталь Пракапчукі — па 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;палізняволены Сяргей Салоха (30-гадовы ІП) — 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму; палітзняволены Сяргей Крыўчэня — 3,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;Сяргей Гацкевіч (непаўнагадовы 11-класнік) — 3 гады выхаваўчай калоніі; Дзяніс Хазей (непаўнагадовы другакурснік каледжа) — 3 гады выхаваўчай калоніі.
Двое з фігурантаў справы — непаўналетнія, да суда яны знаходзіліся пад наглядам. Іх узялі пад варту ў залі суда. Сямёра абвінавачаных знаходзіліся пад вартай. Дзясятая абінавачаная — Віталія Бандарэнка, якая не з'яўлялася на судовыя працэсы, бо дзяўчына з'ехала за мяжу. Але да прысуда, 27 лютага, яна вярнулася назад, і 1 сакавіка была затрыманая. Яе змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, а затым перавялі ў СІЗА-7 да суду. Праваабаронцы прызналі яе палітычнай зняволенай.
Віну з дзевяці чалавек цалкам не прызнаў ніхто. Большасць прызнаюць сябе вінаватымі часткова: «Прысутнічаў, удзельнічаў, але нікому не прычыняў гвалту, пагромаў не здзяйсняў».
У чым іх абвінавацілі?
Згодна з абвінавачаннем, 10 жніўня 2020 года падчас несанкцыянаванага масавага мерапрыемства ў цэнтры Брэста – на вуліцах Савецкай і Нафтавай, бульварах Шаўчэнкі і Касманаўтаў, праспекце Машэрава — «груба парушылі грамадскі парадак і здзейснілі пагромы. Пасля чаго ўжылі гвалт — нанеслі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі і нагамі, рознымі прадметамі. У ход для гэтага ішлі дошкі, палкі, вулічныя скрыні для смецця, фрагменты лавак, тратуарнай пліткі і асфальту, бутэлькі, камяні, металічныя шрубы, ёмістасці з фарбай, піратэхнічныя вырабы. Затым абвінавачаныя наўмысна знішчылі і пашкодзілі транспартныя сродкі і іншую маёмасць, якая належала АУС, фізічным і юрыдычным асобам».
Агульная сума прычыненай шкоды, згодна з матэрыяламі справы, перавысіла 27 тысяч беларускіх рублёў. Нанесененая злачынствамі шкода да суду не была кампенсаваная – пракуратура прад'явіла пазоў да абвінавачаных аб яе спагнанні ў салідарным парадку.
Паводле абвінавачвання, супрацоўніку органаў унутраных спраў нанесененыя цялесныя пашкоджанні ў выглядзе дзвюх ран у вобласцт першага пальца правай рукі, якія адносяцца да катэгорыі лёгкіх цялесных пашкоджанняў, і пабоі. Яшчэ ў аднаго супрацоўніка сарвалі рацыю і адарвалі пагоны, а ўсяго больш чым 25 міліцыянтам нанесеныя пабоі.