У Мінску судзяць за надпіс на плоце. Пацярпелыя — супрацоўнікі выдання «Беларусь сегодня»

У Савецкім судзе Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць 36-гадовага Юрыя Дрэка за надпіс на агароджы будаўнічай пляцоўкі «СБ — с... бойцеся». На Юрыя, які працуе ў адной з лагістычных кампаній, завялі справу па ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса («Хуліганства»), піша Свабода.

95d655f8_7414_494c_a2b2_a2b63ff5c6e2_cx0_cy7_cw0_w1023_r1_s.webp

Дзяржабвінаваўца запрасiў для яго 1 год «хiмii» з накіраваннем у папраўчую ўстанову. Вырак будзе агучаны 11 сакавіка.
Пацярпелымі па справе праходзяць шэсць супрацоўнікаў выдавецкага дому «Беларусь сегодня», які з'яўляецца ўстановай Адміністрацыі прэзідэнта: Міхаіл Лябедзік (першы намеснік дырэктара — галоўнага рэдактара выдавецкага дома «Беларусь сегодня»), журналісты Андрэй Мукавозчык, Людміла Гладкая, Дзмітрый Крат, Раман Рудзь і кіраўнік упраўлення матэрыяльнага забеспячэння.
Паводле адваката абвінавачанага, як пацярпелі гэтыя людзі, пакуль незразумела.
Сёння ў судзе давалі паказанні пацярпелыя, сведкі і абвінавачаны.
Справу разглядае суддзя Аляксандар Воўк. На працэс не трапілі каля дзесяці сяброў Юрыя, бо ў залі не хапіла месцаў: запусцілі толькі шасцярых пацярпелых і чатырох сваякоў.

«Яго затрыманне было зроблена вераломна»

Паводле жонкі падсуднага Любові, супрацоўнікі газеты «СБ. Беларусь сегодня» палічылі сябе зняважанымі, хоць плот, на якім быў зроблены надпіс, належыць будтрэсту. Яна кажа, што сплаціла будтрэсту матэрыяльную шкоду — 2,5 рублі. А таксама 50 рублёў газеце — за тое, што яе супрацоўнікі набылі балончык шэрай фарбы і самі зафарбавалі надпіс.

Жонка Юрыя Дрэка Любоў

Жонка Юрыя Дрэка Любоў


«Я лічу, што іх ніхто не прасіў гэта рабіць. Калі ён ужо быў, то няхай бы і заставаўся. Але нават дзвюх гадзін не прайшло, як яны ўсё замазалі», — сказала Любоў.
Абвінавачанне яна лічыць абсурдным.
«Тут няма крымінальнай справы, — кажа Любоў. — Тое, што адбываецца, для мяне гэта прававы дэфолт. Ён прызнаў віну, але наступствы несувымерныя. Бо за надпіс на плоце ніколі не даецца крымінальны артыкул. Абсурд у нашай краіне і ў галовах».
Надпіс Юрый зрабіў 23 верасня, у дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі.
Паводле Любові, плот знаходзіцца каля офіса на вуліцы Хмяльніцкага 10, дзе працуе Юрый.
«Ганак офіса выходзіць адразу на гэты плот. Там мінакі пастаянна раскідаюць бутэлькі, вырываюць кветкі, пішуць графіці. На гэтым плоце заўсёды ёсць нейкія надпісы. Цяпер усё таксама распісана, — кажа жонка Юрыя. — У выдавецкага дома — суседні будынак, па адрасе Хмяльніцкага, 10а („Дом прэсы“). Гэта надпіс не кранае іх будынка і не бачны ім. Але чамусьці яны прынялі яго на свой адрас, абразіліся».
Юрыя Дрэка затрымалі 12 студзеня. У гэты ж дзень зрабілі ператрусы на кватэры, потым у офісе і на кватэры бацькі ў Гродне.
«Яго затрыманне было зроблена вераломна. Мужа выманілі з кватэры ў адной піжаме, чакалі ля пад’езда і затрымалі. Патэлефанавалі, каб прыбраў свой аўтамабіль, які перашкаджае праезду смеццявоза. Муж выйшаў, і яго затрымалі. У гэты дзень было шмат затрыманых, нейкая аблава».
«Следчая вельмі ўзрадавалася, калі знайшла гэтую газету, сфатаграфавала і перапісала назвы ўсіх артыкулаў у нумары. У справе гэта ідзе як рэчавы доказ. І ў справе няма адказу, як адносіцца гэты сцяг, газета, фотаздымкі з мітынгаў да хуліганства», — сказала Любоў.
Спачатку Юрыя змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна, а потым перавялі ў Жодзіна.

«Надпіс зроблены ў цяжкія дні»

Паводле Таццяны, якой удалося трапіць на працэс, пацярпелыя з газеты «СБ. Беларусь сегодня» казалі ў судзе, што яны спалохаліся гэтага надпісу і ўспрынялі яго як пагрозу ў свой адрас.
«Напрыклад, Гладкая казала, што за яе пазіцыю ёй нібыта пагражалі, калегу падпалілі машыну, тэлефанавалі, пісалі, іх даныя трапілі ў тэлеграм-каналы. А Мукавозчыку абмалявалі дом, а калі ён убачыў гэты надпіс на плоце вечарам, калі ішоў з працы, то ў яго падкасіліся ногі», — кажа Таццяна.
Матэрыяльных прэтэнзій да Юрыя яны не заявілі, але некаторыя казалі, каб абвінавачанага пакаралі строга.
Юры сказаў у судзе, што надпіс быў зроблены ў цяжкія дні. Ён сказаў, што на ганку яго офіса невядомыя ядуць, п’юць піва, пакідаюць кубачкі, недакуркі і смецце. Ён рабіў заўвагу гэтым людзям і ў той дзень. А ўвечары выйшаў і зноў убачыў смецце. Дастаў з аўто балончык з фарбай (фарбаваў ім на лецішчы лаўку) і зрабіў надпіс насупраць ганку офіса. Потым вярнуўся, хацеў нешта зафарбаваць, але ў балончыку скончылася фарба.
«Насамрэч газету „СБ. Беларусь сегодня“ ніхто не чытае і ніхто не хацеў нешта адрасаваць гэтай газеце, бо яны не маюць ніякай вагі, — кажа Таццяна. — Там на плоце цяпер ужо пару месяцаў знаходзіцца выява чэлеса і надпіс „Згалі вусы“, і гэта нікога не бянтэжыць».

«Столькі людзей арыштавалі ні за што»



ef19732e_bef9_431d_9d03_af1c806d6b25_w650_r0_s.webp

Бацька Юрыя Дрэка
Бацька пацярпелага жыве ў Гродне. Ён сказаў, што не разумее, чаму судзяць сына за надпіс на плоце.
«Знайшлі праблему, не бачу праблемы. Да мяне ў кватэру ўварваліся следчыя з вобыскам, перавярнулі ўсё на свеце, напужалі мяне. Яны там нічога не знайшлі, апроч дзіцячых алоўкаў, — кажа бацька. — Столькі людзей арыштавалі ні за што. Лукашэнка ж не вечны чалавек, у яго тры сыны. Гэта можа вярнуцца бумерангам. Турмы перапоўненыя, за гэта павінна быць сорамна прэзідэнту», — кажа бацька абвінавачанага Юрыя Дрэка.