У Мінску пачаўся працэс над дзяўчынай, якая аказвала пратэстоўцам медыцынскую дапамогу
У судзе Маскоўскага раёна Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да палітзняволенай Аляксандры Патрасаевай. Яе абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — «Удзел у масавых беспарадках».
Санкцыя па гэтым артыкуле прадугледжвае пазбаўленне волі ад трох да васьмі гадоў. Справу вядзе суддзя Вольга Малашэнка. Бок дзяржабвінавачання прадстаўляе памочнік пракурора Фёдар Сініцкі, паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на праваабарончы цэнтр «Вясна».
20-гадовую дзяўчыну затрымалі летась 16 кастрычніка, ад таго часу яна за кратамі.
Паводле абвінавачання, Аляксандра Патрасаева ў ноч на 10 жніўня і ў наступныя дні «брала актыўны ўдзел у масавых беспарадках, а таксама ў загадзя спланаваных групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»: блакавалі рух транспарту, узводзілі барыкады, знішчалі тратуарную плітку, выкарыстоўвалі петарды, факелы і іншыя прадметы. Таксама зняволеная нібыта заклікала людзей да супраціву і сама аказвала непадпарадкаванне прадстаўнікам улады.
Аляксандра Патрасаева сваю віну не прызнала, патлумачыла, што інфармацыю атрымлівала ў тэлеграм-каналах. Прачытала, што людзям патрэбная медыцынская дапамога, паехала пасля працы, каб яе аказаць. На скрыжаванні мінскіх вуліц Бяды, Багдановіча, Сурганава яна не бачыла супрацоўнікаў міліцыі, ніякіх патрабаванняў не чула. Прыкладна 50 чалавек узводзілі барыкады, але не было падпалаў, пагромаў ці кідання прадметаў.
Аляксандра ўдакладніла, што аказвала медыцынскую дапамогу людзям каля лесвіцы — апрацоўвала раны, давала абязбольвальныя. Адыходзіла ненадоўга, каб выкінуць мех са смеццем. На абвінавачанне, што трымала металічную палку, адказала, што падняла яе з зямлі і выкінула, ніякіх фізічных дзеянняў не ажыццяўляла.
Абаронца папрасіў далучыць да матэрыялаў справы ліст і характарыстыку падабароннай з працы, а таксама гарантыйны ліст. Суд хадайніцтва задаволіў.
Першы раз Аляксандру схапілі ў ноч на 11 жніўня, тры дні яна знаходзілася ў ізалятары на Акрэсціна, дзе перажыла катаванні: збіццё, знявагі, абразы, пагрозы згвалтавання. Яе прымушалі распранацца, уставаць на расцяжку і пры гэтым бесперыпынна білі, прычым рабіла гэта жанчына. Затым адпусцілі. У дзяўчыны былі моцна траўмаваныя звязкі, лекары наклалі гіпс.
Следчы камітэт адмовіўся прыняць заяву Аляксандры Патрасаевай датычна катаванняў на Акрэсціна.