Больш за 50 беларускіх і замежных арганізацый выступілі ў падтрымку праваабарончага цэнтра «Вясна»
Галоўнае ўпраўленне ў раследаванні злачынстваў цэнтральнага апарата Следчага камітэта Беларусі завяло крымінальную справу па факце дзейнасці цэнтра «Вясна». Праваабаронцы з усяго свету лічаць пераслед палітычна матываваным, распавядае «Свабода».
Як вынікае з афіцыйных каментароў Следчага камітэта, «Вясна» нібыта ажыццяўляе «фінансаванне і іншае матэрыяльнае забеспячэнне незаконных масавых мерапрыемстваў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК).
Цяпер праводзяцца ператрусы ў офісах рэгіянальных
аддзяленняў і кватэрах сябраў арганізацыі, выклікі на допыты і іншыя
працэсуальныя дзеянні.
«Лічым гэта абсалютна надуманым і галаслоўным
абвінавачаннем, а саму атаку на праваабарончы цэнтр "Вясна" — палітычна
матываваным пераследам, які мае на мэце спыніць дзейнасць арганізацыі,
запалохаць грамадзянскую супольнасць, працягнуць нагнятанне атмасферы страху
ў грамадстве. Мы выказваем сваю салідарнасць з "Вясной" і расцэньваем
сітуацыю як помсту за актыўную праваабарончую дзейнасць», — гаворыцца ў
калектыўнай заяве, якую падпісалі 52 беларускія і замежныя праваабарончыя
арганізацыі.
Заяўнікі выказваюць рашучы пратэст пераследу калег,
аказання ціску на грамадзянскую супольнасць і патрабуюць ад улад Беларусі:
1. Спыніць пераслед, арышт і іншы ціск на праваабаронцаў і
актывістаў у сувязі з іх законнай дзейнасцю, у тым ліку па аказанні прававой,
дабрачыннай і іншай дапамогі ахвярам рэжыму.
2. Неадкладна спыніць крымінальны пераслед праваабарончага цэнтра «Вясна» і яго сяброў.
3. Вызваліць з-пад варты праваабаронцаў і валанцёраў Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Леаніда Судаленку, Таццяну Ласіца, Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага, а таксама сотні іншых палітвязняў.
4. Забяспечыць гарантыі неўмяшання ў законную праваабарончую дзейнасць, спыніць кампанію дыскрэдытацыі актывістаў грамадзянскай супольнасці.
Аўтары звароту заклікалі міжнародныя арганізацыі і
інстытуцыі публічна выказаць сваю ацэнку з нагоды пераследу беларускіх
праваабаронцаў, а таксама выкарыстоўваць разнастайныя спосабы для аказання
ўплыву на змену цяперашняй сітуацыі.
Поўны спіс падпісантаў ТУТ.