У судзе па справе Бабарыкі падоўжаны перапынак, пасяджэнняў 9 і 10 сакавіка не будзе

Пасяджэнняў суда па справе Віктара Бабарыкі, якія былі прызначаныя на 9 і 10 сакавіка, не будзе. Пра гэта TUT.BY паведаміў адвакат экс-прэтэндэнта ў прэзідэнты Дзмітрый Лаеўскі.

sud_babariko_20210217_z_phsl_tutby_9678.jpg

Нагадаем, 23 лютага стала вядома, што ў судзе па справе Віктара Бабарыкі і топ-менеджараў «Белгазпрамбанка» быў абвешчаны перапынак як мінімум да 9 сакавіка. Нібыта пасяджэнні адкладзеныя на такі тэрмін з-за хваробы аднаго з удзельнікаў працэсу.

Але і 9 сакавіка пасяджэнне суду не адбудзецца.

— Перад выходнымі нам сакратарка суддзі сказала, што 9 і 10 не будзе пасяджэнняў, у астатнім — мы дадатковай інфармацыяй не валодаем, — сказаў Лаеўскі.

Нагадаем, працэс па «справе "Белгазпрамбанка"» Віктара Бабарыкі, які мог стаць галоўным супернікам Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах у жніўні мінулага года, пачаўся 17 лютага. Справу разглядае Вярхоўны суд у будынку суда Маскоўскага раёна.

Па «справе "Белгазпрамбанка"» праходзяць восем фігурантаў. Віктар Бабарыка абвінавачваецца ў «адмыванні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч.2 арт. 235 КК, да сямі гадоў пазбаўлення волі), і атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч.3 арт. 430 КК, да 15 гадоў пазбаўлення волі).