Беларусаў, якія атрымлівалі дапамогу ад BY_Help, выклікаюць у СК і ДФР

Беларусаў, якія атрымлівалі грашовую дапамогу ад BY_Help, выклікаюць у Следчы камітэт у якасці сведак па крымінальнай справе. Пра гэта TUT.BY паведамілі некалькі чытачоў, якія сутыкнуліся з такой сітуацыяй.

_hroszy___rubli___kapejki__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg


Раней СК ужо папярэджваў аб тым, што атрымальнікі дапамогі могуць быць выкліканыя на допыт у якасці сведак.

«Мяне выклікалі ў Следчы камітэт як сведку па крымінальнай справе. Крымінальная справа заведзеная на некалькіх чалавек з BY_Нelp. Мне задалі пытанне, хто і як аплачваў мне штраф», — напісаў адзін з чытачоў.

Яшчэ адна чытачка распавяла, што яе таксама выклікалі ў якасці сведкі па крымінальнай справе, але не ў СК, а ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў (ДФР). Яна туды пакуль не схадзіла і папрасіла выслаць ёй адпаведную позву.

«Позва апынулася ў паштовай скрыні, на 11 чысло. Без уручэння асабіста яна не мае ніякай вагі. З фонда мне даслалі памятку, як сябе паводзіць на допыце, так што я ўзброілася ведамі», — кажа чытачка.

Раней Следчы камітэт ужо папярэджваў, што атрымальнікі грашовай дапамогі ад BY_Нelp змогуць даць паказанні «пра абставіны, крыніцы і мэты паступлення грашовых сродкаў на рахунак у банку на допыце ў якасці сведкі пасля выкліку следчым або па яго даручэнні супрацоўнікам органу дазнання».

У лістападзе 2020 года ў беларусаў, якія атрымлівалі грашовую дапамогу ад фонду BY_Нelp на лячэнне і аплату штрафаў, заблакавалі карты, на якія прыходзілі выплаты. У Следчым камітэце блакаванне патлумачылі расследаваннем крымінальнай справы аб публічных закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы. У прыватнасці, паводле слоў СК, адзін з заснавальнікаў BY_Нelp Аляксей Лявончык, прызнаны падазраваным па крымінальнай справе, пералічваў са свайго рахунку «грашовыя сродкі для падтрымання пратэсных акцый у Беларусі і аказання матэрыяльнай дапамогі асобам, якія прымаюць у іх актыўны ўдзел». На гэтыя грошы быў накладзены арышт. Пасля гэтага на рахунках у многіх атрымальнікаў дапамогі ўтварыўся мінус, некаторыя не маглі атрымаць пенсіі, дапамогі і зарплаты.

Пазней у сітуацыю ўмяшаўся Нацбанк і ўзгадніў механізм накладання арышту з СК. У ім прапісана, што на грошы, якія паступілі з іншых крыніц, накласці арышт нельга. Пасля гэтага беларусам вярнуліся грошы, спісаныя за кошт заробкаў або назапашванняў.