Пастар царквы «Новае жыццё»: Бог разваліў СССР, ён разваліць і гэтую сістэму
Мінская суполка хрысціян поўнага Евангелля «Царква "Новае жыццё"» 9 сакавіка правяла «тэрміновую эвакуацыю» сваёй маёмасці з будынка Дома малітвы, з якога вернікаў прымусова выселілі 17 лютага.
Як паведамляецца на сайце царквы, вернікам далі толькі адзін дзень на тое, каб «забраць усё, што 19 гадоў яны стваралі ў храме на Кавалёва, 72». Прыхаджане, каля 60 чалавек, забралі ў тым ліку «мэблю, каштоўную праводку».
«9 сакавіка — яшчэ адна вяха ў гісторыі царквы, — цытуе сайт пастара царквы Вячаслава Ганчарэнку. — Яшчэ нядаўна гэта было вельмі ажыўленае месца. Тут было столькі радасці, веры і любові! Мы верым у Госпада не прыкідваючыся. А сёння так сумна глядзець на тое, як дэмантуецца ўся гэтая прыгажосць і ператвараецца ў прытчу. Але гэта не значыць, што мы не вернемся сюды. Бог можа ўсё, ён можа зрабіць так, што мы зноў будзем валодаць гэтым месцам і гэтым будынкам. Цяпер жа наш будынак захоплены. Ён будзе як каўчэг запавету ў філістымлян, які яны забралі, а потым вярнулі назад. Таму што каўчэг Божы ў гэтай біблейскай гісторыі стаў вялікім праклёнам для тых, хто яго захапіў. Богу кінуты выклік — і ён адкажа».
«Урэшце гэтая сістэма, якая змучыла беларускі народ і дакранулася да царквы, распадзецца. Бог разваліў СССР, ён разваліць і гэтую сістэму. Бог разбурыць усякую структуру, у аснове якой ляжыць жорсткасць, якая не мае міласэрнасці, спагады, любові, — такая структура нічога не вартая, таму яна знікне. А народ Божы будзе дабраславёны», — заявіў кіраўнік абшчыны.
Пакуль што не ўсе каштоўныя рэчы дазволена забраць. Тры генератары, два з якіх з’яўляюцца ўласнасцю вернікаў, а не царквы, па-ранейшаму застаюцца ў будынку. Гэтае пытанне пакуль што адкрытае.
17 лютага судовыя выканаўцы з дапамогай міліцыі і камунальных работнікаў выселілі суполку царквы «Новае жыццё» з Дома малітвы на вуліцы Кавалёва. Прадстаўнікам абшчыны дазволілі забраць некаторую маёмасць, астатнія рэчы царквы былі апісаныя. Будынак зачынілі, усе дзверы апячаталі.
У канцы мінулага года Упраўленне прымусовага выканання вынесла суполцы царквы «Новае жыццё» чарговае прадпісанне з патрабаваннем да 31 снежня выканаць судовы загад ад 23 кастрычніка 2009 года і вызваліць будынак былога кароўніка плошчай 1.621 кв. м па вуліцы Кавалёва, 72. Спагнаннікам, згодна з дакументам, з’яўляецца ЖРЭА Маскоўскага раёна сталіцы.
У загадзе гаварылася, што ў выпадку невыканання патрабавання прымусовае высяленне адбудзецца 5 студзеня 2021 года ў 11:00. На 10:00 дня высялення царква абвясціла малітоўнае служэнне, на якое сабраліся каля 200 вернікаў. Судовыя выканаўцы, якія з’явіліся дакладна ва ўказаны імі час разам з прадстаўнікамі ЖРЭА, у будынак заходзіць не сталі. Яны ўдакладнілі, ці мае намер абшчына высяляцца, і, атрымаўшы адмоўны адказ, склалі адміністрацыйны пратакол у дачыненні да кіраўніцтва царквы за парушэнне прадпісання аб высяленні.
19 студзеня абшчына атрымала позву, якой Упраўленне прымусовага выканання абавязала прадстаўнікоў царквы з’явіцца 1 лютага ў сувязі з парушэннем прадпісання суда аб высяленні. У названы дзень судовыя выканаўцы склалі новы адміністрацыйны пратакол па факце парушэння прадпісання суда аб высяленні абшчыны з будынка, аднак пастар Вячаслаў Ганчарэнка яго не падпісаў. Адміністратар царквы Віталь Антончыкаў тады паведаміў «БелаПАН», што распачаць чарговую спробу высялення суполкі плануецца 17 лютага.
24 лютага Ганчарэнка і Антончыкаў сустрэліся з намеснікам старшыні Мінгарвыканкама Арцёмам Цуранам. Чыноўнік даў ім зразумець, што «Новае жыццё» не зможа вярнуць сабе будынак Дома малітвы. Разам з тым ён прапанаваў прадстаўнікам царквы скарыстацца арэндай іншых памяшканняў альбо праз яго звярнуцца з хадайніцтвам да Лукашэнкі аб выдзяленні ўчастка зямлі ў сталіцы. Аднак перш за ўсе, як было сказана прадстаўнікам рэлігійнай абшчыны, яны павінны заплаціць доўг, назапашаны за гады карыстання будынкам на Кавалёва, які па дакументах ўжо даўно належыць ЖРЭА Маскоўскага раёна.
Выселіць царкву «Новае жыццё» з будынка, у які вернікі за свае сродкі перабудавалі выкуплены ў дзяржавы паўразбураны кароўнік, Мінгарвыканкам спрабаваў каля 15 гадоў. У 2005 годзе гарадскія ўлады пазбавілі рэлігійную суполку права карыстання зямельным участкам, нягледзячы на тое што ён быў выдзелены ёй бестэрмінова. Каб прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем царквы, у кастрычніку 2006 года вернікі правялі пост-галадоўку, якая доўжылася каля месяца. Галадоўнікі змянялі адно аднаго, пастаянна знаходзячыся ў будынку царквы. Уладам давялося адступіць: сітуацыя вакол «Новага жыцця» атрымала шырокі міжнародны рэзананс, у абарону царквы выступілі прадстаўнікі дэмакратычных сіл, краіны ЕС, замежныя палітыкі, святары, рэлігійныя аб'яднанні.