У Беларусі яшчэ 7 чалавек прызнаныя палітвязнямі

Праваабаронцы мяркуюць, што колькасць палітвязняў будзе расці і далей.

276.jpg


У Беларусі яшчэ 7 чалавек прызнаныя палітвязнямі. Гэта Андрэй Іванюшын, Мікіта Афанасьеў, Мікіта Траццякевіч, Аляксей Сцерлікаў, Аляксандр Троцкі, Анастасія Нікіціна, Аляксандр Перапечка, паведамляе «Еўрарадыё», са спасылкай на spring96.org.

Іванюшын асуджаны на 2,5 гады пазбаўлення волі па артыкуле «Гвалт ці пагроза выкарыстання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў» (арт. 364 КК), Афанасьеў і Траццякевіч па тым жа артыкуле атрымалі па 3 гады пазбаўлення волі. Усе яны — байкеры, якія мелі патасоўку з міліцыянерамі.

Сцерлікаў асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі па артыкуле «Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў» (ч. 2 арт. 363 КК). Гэта кіроўца, які ў Мінску ўцякаў ад сотні раз‘юшаных сілавікоў.

Троцкі атрымаў 10 гадоў пазбаўлення волі за замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў — у жніўні 2020-га нібыта наехаў на даішніка.

Нікіціна асуджана на год і месяц пазбаўлення волі па артыкулах «Злоснае хуліганства» і «Замах на здзяйсненне злачынства» — раскідала металічныя самарэзы на тэрыторыі каля пракуратуры Мінска.

Перапечка атрымаў адзін год абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу за «хуліганства» — раскідаў «вожыкі» на тэрыторыі каля слуцкай міліцыі.

Праваабарончыя арганізацыі лічаць іх справы палітычна матываванымі і патрабуюць вызвалення палітычных зняволеных.

Агулам у спісах беларускіх праваабаронцаў налічваецца ўжо 276 палітвязняў.