У мінскую царкву «Новае жыццё» падчас малітвы ўварваліся сілавікі
Яны зламалі царкоўныя дзверы.
«Новае Жыццё» — найбуйнейшая поўнаевангельская царква Беларусі. Са жніўня яна паслядоўна асуджае беззаконне і гвалт, і заклікае ўлады да пакаяння, напісаў у Фэйсбуку Андрэй Кім.
Рэлігійная грамада царквы Хрысціян поўнага Евангелля «Новае жыццё» ў Мінску летась атрымала судовае прадпісанне вызваліць будынак на вуліцы Кавалёва, 72 да канца году. У адваротным выпадку царкве пагражалі прымусовым высяленнем 5 студзеня 2021 году. Але 5 студзеня судовыя выканаўцы склалі пратакол, што царква не выканала прадпісанне..
У 2002 годзе царква «Новае жыццё» выкупіла занядбаны кароўнік на ўскрайку гораду, адрамантавала яго, і з 2004 году там адбываюцца набажэнствы.
У 2005 годзе гарадскія ўлады пазбавілі рэлігійную абшчыну права карыстання зямельным участкам, выдзеленым ёй у бестэрміновае карыстанне. Каб прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем царквы «Новае жыццё», у кастрычніку 2006 года вернікі правялі пост-галадоўку, якая доўжылася каля месяца. Удзельнікі галадоўкі змянялі адзін аднаго, увесь час знаходзячыся ў будынку царквы. Акцыя была спынена пасля таго, як улады адступілі — сітуацыя вакол царквы атрымала шырокі міжнародны рэзананс. У абарону «Новага жыцця» актыўна выступілі прадстаўнікі дэмакратычных сіл, краіны ЕС, замежныя палітыкі, святары, рэлігійныя аб'яднанні.
У 2009 годзе ўлады пазбавілі абшчыну права ўласнасці на будынак царквы.
16 студзеня 2019 года адбылося грамадскае абмеркаванне плану на ўнясенне зменаў у горадабудаўнічы праект мікрараёну Сухарава. Дакумент прадугледжвае будаўніцтва жылля і аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры. На месцы царквы «Новае жыццё» мяркуецца ўзвесці школу.