БХД: Абарона царквы «Новае Жыццё» — гэта абарона права на свабоду сумлення ў краіне

Беларускія хрысціянскія дэмакраты выступілі з заявай наконт царквы «Новае Жыццё».

114047_833x400.jpg

Беларускія хрысціянскія дэмакраты заклікалі ўсе незалежныя сілы Беларусі, усіх сумленных і неабыякавых грамадзян падтрымаць царкву «Новае Жыццё», вернікі якой больш за 14 гадоў адстойваюць права на свабоду сумлення, права збірацца ў адробленым імі памяшканні.

«Нягледзячы на рэгулярныя пагрозы і шантаж, вернікі працягваюць збірацца і маліцца разам. Іх змаганне стала сімвалам барацьбы за свабоду сумлення ў Беларусі. Абарона царквы "Новае Жыццё" — гэта абарона права на свабоду сумлення ў краіне», — гаворыцца ў заяве БХД.

Хрысціянскія дэмакраты таксама заклікаюць міжнародную супольнасць «выказацца па дадзеным пытанні, а сродкі масавай інфармацыі — сачыць за сітуацыяй і як мага больш поўна асвятляць падзеі з захопам будынку царквы».

carkva_novaja_1.jpg


Нагадаем, 17 лютага ў мінскую царкву «Новае жыццё» падчас малітвы ўварваліся сілавікі. Яны выламалі дзверы ў царкве.

«Новае Жыццё» — найбуйнейшая поўнаевангельская царква Беларусі. Ужо шмат гадоў царкву хочуць выселіць з будынка былога кароўніка, які вернікі адбудавалі і ператварылі ў памяшканне для малітваў. Рэлігійная грамада царквы «Новае жыццё» летась атрымала чарговае судовае прадпісанне вызваліць будынак на вуліцы Кавалёва, 72 да канца года. У адваротным выпадку царкве пагражалі прымусовым высяленнем 5 студзеня 2021 года. Але 5 студзеня судовыя выканаўцы склалі пратакол, што царква не выканала прадпісанне.