«У Беларусі не праходзіць ні дня без рэпрэсій». Дэпутаты Еўрапарламенту выступілі з заявай
Кіраўнік дэлегацыі па сувязях з Беларуссю Робэрт Бедрань і сталы дакладчык Еўрапарламенту па Беларусі Пэтрас Аўстравічус выступілі з заявай з нагоды прысуду журналісткам Кацярыне Андрэевай і Дар'і Чульцовай, перадае БАЖ.
«Гэтыя абуральны падзеі паказваюць, што сітуацыя з свабодай СМІ ў Беларусі, якая і без таго выклікала непакой, рэзка пагоршылася пасля сфальшаваных прэзідэнцкіх выбараў летась.
Нягледзячы на неаднаразовую крытыку з боку міжнароднай супольнасці, беларусы па-ранейшаму пазбаўлены самых элементарных правоў, пра што сведчаць праведзеныя мінулым аўторкам рэйды міліцыі ў офісах праваабарончага цэнтру «Вясна« і Беларускай асацыяцыі журналістаў, за якім прайшла наступная хваля затрыманняў.
У Беларусі не праходзіць ні дня без рэпрэсій супраць прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, журналістаў, праваабаронцаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці і незалежных прафсаюзных дзеячаў.
Мы яшчэ раз самым рашучым чынам асуджаем гэтыя найноўшыя парушэнні, учыненыя незаконным рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Мы падтрымліваем храбры народ Беларусі ў ягоным памкненні да годнасці і свабоды», – гаворыцца ў заяве дэпутатаў Еўрапарламенту.
Радыё Свабода