Сілавікам не купілі 2689 дубінак. Страйкам «Нафтана» падлічыў эфект ад страйку

36 рабочых наваполацкага прадпрыемства «Нафтан» далучыліся да страйку. Але ў кіраўніцтве страйкама лічаць, што нават гэта пазбавіла сілавікоў сур’ёзных грошай.

1f65e68b_c959_4639_9cc7_ed3fc55a0fec_cx0_cy27_cw0_w1023_r1_s.jpg


Страйкам прадпрыемства падвёў пэўныя вынікі пратэсту сваіх рабочых, якія не сталі выходзіць на працоўнае месца, пакуль улады не выканаюць іх патрабаванняў.

Як пішуць у тэлеграм-канале страйкама, каб пагаварыць аб эфектыўнасці або неэфектыўнасці страйкавага руху, спачатку трэба разабрацца ў падатках.

Паводле апытанняў СМІ, большасць беларусаў жыве ад зарплаты да зарплаты, і толькі нешматлікія могуць пахваліцца накапленнямі.

Любы жыхар Полацкага рэгіёна ведае, што ў работнікаў «Нафтана» высокі заробак і, як нядаўна агучыў новы дырэктар, складае вышэй за 2000 бел. рублёў. А таксама ўсе работнікі плацяць падаткі. Давайце разбярэмся з імі на прыкладзе ААТ «Нафтан».

Усе ведаюць: 13% — падаходны падатак, але ёсць і іншыя выплаты, якія ў разліковым лісце не бачныя. За кожнага работніка папаўняюць ФСАН яшчэ на 35% ад яго заробку. Пры гэтым 1% вылічваецца з налічанай і названай у разліковіку сумы, а 34% не адлюстроўваюцца. Іх плаціць працадаўца ад фонду зарплаты наўпрост у ФСАН. Гэта азначае — 48% падаткаў ідзе дзяржаве! Не забывайце пра 20% ПДВ на тавары, акцызную прадукцыю, дарожны падатак і гэтак далей: усе гэтыя падаткі сыходзяць па сваім прамым прызначэнні?

Ці ўсе работнікі ААТ «Нафтан» дажываюць да пенсіі і ці доўга яны жывуць, працуючы ў шкодных умовах? Усім хапае «бясплатнай» адукацыі, каб паступіць у ВНУ без рэпетытараў? Усім хапае «бясплатнай» медыцыны, каб лячыць праф. захворвання без падзяк лекарам і зваротаў да платных паслуг і прыватных клінік? Усіх задавальняе якасць абслугоўвання сацыяльных служб, якасць дарог і двароў, эфектыўнасць айчынных медпрэпаратаў?

Да гэтага часу знаходзяцца людзі, якія ставяць справядлівасць вышэй за добрыя заробкі, ахвяруюць сваёй зонай камфорту. Яны лічаць злачынствам сумлення спансіраваць рэжым за кошт сваіх падаткаў.

На пачатак сакавіка да страйку ААТ «Нафтан» далучыліся 36 чалавек. Сума нявыплачаных падаткаў, што складае 48% ад усіх купцоў, за ўвесь час склала 112 тысяч 967 рублёў.

photo_2021_03_09_14_40_59.jpg


Суму гэтых падаткаў можна ўявіць так:

— 2689 дубінак ПР-Т не б’юць грамадзян;

— 7060 газавых балончыкаў не «плююць» у твар мірнаму насельніцтву;

— 6 аўтазакаў на базе ГАЗ-3309 не звозяць у невядомым кірунку людзей;

— поўная камплектацыя амуніцыі 35 амапаўцаў, якія не калечаць навапалачан;

— 14 120 бутэлек гарэлкі, якой не спайваюць завадчан;

— больш за 100 сярэднямесячных заробкаў супрацоўнікі МУС не затрымліваюць проста так.

Дык далі ці не які-небудзь эфект 36 страйкоўцаў?